Зноў затрыманы незалежны журналіст Юрый Дзяшук



Затрыманы 3 лютага незалежны журналіст Юрый Дзяшук – у лідскім ізалятары часовага ўтрымання.

У аўторак увечары яго хацелі затрымаць міліцыянты, але з імі ўдалося дамовіцца, каб у сераду Дзяшук сам з’явіўся ў РАУС. З таго часу ён затрыманы.

Суд над ім павінен адбыцца заўтра, 5 лютага, паведамляе baj.by

Як мяркуецца, незалежнага журналіста Юрыя Дзешука вінавацяць па артыкуле 23.34 КаАП за інцыдэнт на агалошванні крымінальнага прысуду Вітольду Ашурку некалькі тыдняў таму.

Пасля інцыдэнту журналіста ўжо затрымлівалі ў межах крымінальнага працэсу.

20 студзеня ў Лідзе міліцыя затрымлівала многіх, хто прысутнічаў на агалошванні прысуду Ашурку. Журналістка Вольга Быкоўская на сваёй старонцы ў Facebook размясціла відэа інцыдэнту пасля суда над Ашуркам, які адбыўся 18 студзеня. На ім бачна, як людзі ў залі абураюцца прысудам і крычаць “Ганьба!” і “Верым! Можам! Пераможам!”.

Але на відэа выразна бачна, што Юрый Дзяшук заняты выключана журналісцкай працай — ён увесь час здымае падзеі на тэлефон. Магчыма, менавіта таму 23 студзеня журналіста вызвалілі з ізалятара.

Але ў аўторак, 2 лютага, міліцыянты заявілі журналісту, што зверху прыйшоў загад зноў затрымаць Дзешука. І скласці на яго пратакол па сумнавядомым артыкуле 23.34 КаАП.

 baj.by