Зноўку штрафы віцебскім прыхільнікам Сяргея Ціханоўскага
Cуд Чыгуначнага раёна аштрафаваў на 25 базавых велічынь (675 рублёў) сябра партыі БНФ, актывіста кампаніі «Страна для жизни» Аляксандра Іллінца. Суддзі Алене Грабянчук спатрэбілася ўсяго 5 хвілін, каб разабраць справу і прачытаць пастанову, прызнаўшы спадара Іллінца парушальнікам заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
30-га красавіка ён узяў удзел у сустрэчы з блогерам у Віцебску, распавёў Аляксандр Іллінец:
– Я сказаў, што ў нас у Віцебску людзі па нядзелях абмяркоўваюць розныя праблемы, кормяць галубоў, а потым усе разам ідуць да помніка Хатабычу – ёсць у нас такі. Як вядома, гэты персанаж дапамагае збыцца жаданням. Мяне асудзілі, бо я сказаў пра тое, што людзі хочуць перамен. Магчыма, хоць Хатабыч нам дапаможа!
30 базавых велічынь штрафу (810 рублёў) прысудзілі ў судзе Кастрычніцкага раёна адміністратарцы тэлеграм-чату «Страна для жизни» Юліі Барсуковай. Суддзя Андрэй Царыкаў звінаваціў яе за заклікі на кармленне галубоў у Воршы. Менавіта так ён кваліфікаваў допіс у чаце пра тое, што 10-га траўня на аршанскай плошчы Леніна хочуць сабрацца людзі пакарміць птушак, размаўляючы пра свае праблемы.
На думку спадарыні Юліі, у тым, што яна напісала, няма ніякіх парушэнняў.
– Проста сказала: «Людзі, давайце аб’ядноўвацца». І што ў Воршы можна сустракацца. Атрымаць за такое 30 базавых – гэта ўвогуле! Хочуць проста запалохаць людзей, каб народ, запалоханы арыштамі і штрафамі, сядзеў і маўчаў.
Колькі дзён таму Юлія Барсукова атрымала афіцыйнае папярэджанне ад пракуратуры пра недапушчальнасць заклікаў на несанкцыянаваныя акцыі. А Аляксандр Іллінец два тыдні таму выйшаў з-пад арышту, які яму прысудзілі за ўдзел у так званым кармленні галубоў 3-га траўня ў Віцебску.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск