Зняволенаму журналісту Анджэю Пачобуту неадкладна патрэбная шпіталізацыя



Зняволенаму журналісту Анджэю Пачобуту неадкладна патрэбная шпіталізацыя.

Пра гэта кажа яго жонка Аксана Пачобут. У жодзінскім СІЗА палітвязень захварэў на ковід-19. Некалькі дзён таму ён здолеў перадаць гэтую навіну праз іншых арыштантаў. Па словах жонкі, Анджэй адчувае сябе слаба, кашляе, губляе сілы. Блізкія непакояцца пра стан здароўя Пачобута, бо ў яго хворае сэрца, збіваецца рытм. Раней ён часта страчваў прытомнасць.

Жонка ведае, што Пачобут цяпер знаходзіцца ў перапоўненай камеры, дзе сядзяць 13 чалавек. Там душна, не хапае паветра і ёсць вошы. Аксана мяркуе, што стан Андрэя можа пагоршыцца ад спёкі, якая кепска ўплывае на людзей з захворваннямі сэрца.

Адміністрацыя СІЗА ў якасці выключэння дазволіла Пачобуту ляжаць на нарах 2 гадзіны ў дзень. Увесь астатні час удзень ён мусіць або стаяць, або хадзіць.

Неаднаразова вязні паведамлялі, што для «палітычных» стварылі асаблівыя ўмовы зняволення: ім нельга сядзець або ляжаць з 6:00 да 22:00.

Па стане на 16 чэрвеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 493 чалавекі.

Беларускае Радыё Рацыя