Зняволеных супрацоўнікаў «Нашай Нівы» звінавацілі ў нясплаце камунальных паслуг
Стала вядома, у чым падазраюць галоўнага рэдактара „Нашай нівы” Ягора Марціновіча — „у нанясенні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання” (ч. 2 арт. 216 КК). Яму пагражае „хімія” ці калонія на тэрмін да 5 гадоў, паведамляе тэлеграм-канал @nashaniva.
Па тым жа артыкуле ў ізалятары зараз трымаюць і кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу „Нашай нівы” Андрэя Скурко і галоўнага рэдактара часопіса „Наша гісторыя” Андрэя Дынько.
Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізічных асобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрыдычных асобаў. Страты, нанесеныя „Мінэнерга”, ацэньваюцца на суму 3,5 тысячы рублёў.
Фота: svaboda.org