Зняволеных у СІЗА абмежавалі ў падпісцы на друкаваныя выданні



Зняволеных у СІЗА абмежавалі ў падпісцы на друкаваныя выданні, паведамляе ў тэлеграм-канале пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”. Гэта вынікае з адказу, атрыманага з СІЗА-1 Менска на запыт родных аднаго з палітвязняў.

У апублікаваным праваабаронцамі лісце паведамляецца, што змены былі ўнесеныя ў правілы ўнутранага распарадку следчых ізалятараў яшчэ 30 чэрвеня бягучага года адпаведнай пастановай МУС.

Новыя правілы пачалі дзейнічаць 23 верасня.

У прыватнасці, з правілаў унутранага распарадку выключаны пункт 169: „Падпіска можа быць аформленая на імя асобы, якая змяшчаецца пад вартай, яе роднымі ці іншымі асобамі”. У сувязі з гэтым, растлумачылі ў СІЗА-1, „афармленне падпіскі ў аддзяленні сувязі робіць супрацоўнік следчага ізалятара за кошт сродкаў асобы, якая знаходзіцца пад вартай, што знаходзяцца на яе асабовым рахунку”.

Раней аформленыя падпіскі на друкаваныя выданні на лістапад і снежань 2021 года будуць уручаныя адрасатам, падкрэсліваецца ў адказе з СІЗА № 1.