Зняволеныя журналісткі Андрэева і Чульцова сталі пераможцамі нямецкай прэміі



Журналісткі тэлеканала «Белсат» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева, якія знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада мінулага года, сталі пераможцамі спецыяльнай прэміі Джорджа Вайдэнфельда ў межах нямецкай журналісцкай прэміі Axel-Springer-Preis.

Як паведамляе «Белсат», прэмія заснаваная ў 1991 годзе аднайменным выдавецтвам, штогод яе прысуджае нямецкая Акадэмія журналістыкі. У межах прэміі  ёсць некалькі намінацыяў. Адна з іх — спецыяльная прэмія імя Джорджа Вайдэнфельда. Ёй узнагароджваюць за выбітныя дасягненні ў журналістыцы расследаванняў, адважную і рызыкоўную рэпарцёрскую працу. Гэта адзіная намінацыя Axel-Springer-Preis, дзе пераможцамі могуць быць не толькі нямецкамоўныя журналісты. Сёлета ўпершыню лаўрэатамі гэтай прэміі сталі журналісты з Беларусі.

«Прэмія Джорджа Вайдэнфельда прысуджаецца Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовой, якія рызыкнулі ўсім, каб паказаць свету, што адбываецца ў Беларусі», — цытуе „Белсат” сябра журы Паўля Ранцхаймера.

Беларускае Радыё Рацыя