Золатава: Tut.by нікуды не знікне, калектыў працягвае працаваць
Галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава дала першае інтэрв’ю праз лісты з СІЗА, у якіх распавяла пра сваё знаходжанне ў зняволенні, пра тое, чым займаецца кожны дзень і што думае пра разгром кампаніі.
Золатава знаходзіцца за кратамі амаль месяц — з 18 мая. Яе і яшчэ 14 чалавек, звязаных з кампаніяй, абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і саўдзеле ў злачынстве. Ніякай інфармацыі па справе няма. Адвакатам, з якіх узялі падпіску пра неразгалошванне, забаранілі нават казаць, па якім артыкуле выстаўленыя абвінавачванні.
Як паведамляе tut.by у сваім тэлеграм-канале, першыя тры дні пасля затрымання ў ізалятары ў 1-м завулку Акрэсціна Золатава была адна ў камеры і першую ноч спала на матрацы. Потым яго забралі, і ёй давялося спаць на сваім паліто. Першую перадачу ад сваякоў адразу не аддалі, толькі разам з другой, па частках. „У дзень, калі сваякі перадалі перадачу на ІЧУ, мне яе не аддалі. Хтосьці з калідора крыкнуў: „Золатава, ваш муж перадаў вам перадачу, я яе не аддам”. Я спытала, чаму. Мне адказалі: „Таму што ваша шарашкіна кантора ўжо напісала, што перадачу не прынялі”, — цытуе Золатаву tut.by.
21 мая Золатава і яшчэ некалькі калег перавезлі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, некаторых фігурантаў адправілі ў СІЗА КДБ.
Галоўрэд адзначыла, што ў СІЗА на Валадарскага стаўленне персаналу да падследных больш гуманнае, чым у ІЧУ, дзе людзі працуюць „грубейшыя”.
Золатава адзначае, што самае цяжкае ў зняволенні — „адсутнасць інфармацыі, сувязі з роднымі людзьмі”. „Сын без мяне адзначыў 15-годдзе, а дачка правяла без мяне выпускны і будзе паступаць ва ўніверсітэт”, — напісала яна.
У камеры, якая „падобная на купэ цягніка”, журналістка чытае, піша, вучыць вершы, выходзіць на шпацыр у малюсенькі панадворак, дзе робіць зарадку, гуляе з іншымі зняволенымі ў „кракадзіла” ці словы. Па панядзелках іх водзяць у душ.
Паводле слоў Золатавай, яшчэ да свайго затрымання яна разумела, што рэпрэсіі будуць працягвацца і рана ці позна закрануць tut.by, але ніяк не чакала, што адразу затрымаюць так шмат людзей і адначасова заблакуюць сайт.
Галоўны рэдактар адзначыла, што раней прадстаўнікі ўлады наўпрост да яе не звярталіся „з пажаданнем”. „Але я дапускаю, што такія звароты маглі быць да кіраўніцтва кампаніі”, — напісала яна.
На яе думку, ацаніць наступствы для краіны разгрому самага буйнога анлайн-медыя ёй складана, паколькі ў зняволенні яна не ведае ўсёй карціны. Аднак Золатава ўпэўненая, што tut.by „нікуды не дзенецца”. „Цяперашняя сітуацыя для мяне — часовая з’ява. Разгром робіць яшчэ больш відавочным, што ідзе татальная зачыстка інфармацыйнай прасторы. Для ўладаў наш рэсурс — костка ў горле. Але тое, што tut.by заблакаваны, не азначае, што ўсе пойдуць глядзець БТ. Tut.by — гэта 3 млн карыстальнікаў. Паводле рашэння ўлады 3 млн чалавек засталіся без сваёй любімай крыніцы інфармацыі. Гаворка ідзе не толькі пра навіны, але і пра неабходныя людзям сэрвісы накшталт „Афішы” ці „Фінансаў”, — канстатавала яна.
Марына мяркуе, што людзі абураныя блакаваннем tut.by. „Але tut.by на самай справе ёсць, таму што мой калектыў працягвае працаваць у сацыяльных сетках, за што я ім бязмерна ўдзячная. Я ведала, што з нашай камандай не можа быць інакш. Таму tut.by нікуды не знікне, будзе як у песні: „Плывуць у тумане стагоддзі і сталь спарахнее ўшчэнт. А мы тут былі і мы тут будзем, пакуль існуе гэты свет”. Я па-ранейшаму ўпэўненая, што справядлівасць рана ці позна пераможа, але рэпрэсіі закрануць яшчэ шмат людзей”, — дадала Золатава.
Раней Камітэт дзяржкантролю заявіў, што крымінальная справа распачатая ў дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў), якая адносіцца да катэгорыі цяжкіх. Максімальны тэрмін утрымання абвінавачаных пад вартай да суда па гэтым артыкуле можа складаць паўтара года.
Па „справе tut.by” 18 мая было затрымана 15 чалавек. Пад вартай акрамя Золатавай знаходзяцца генеральны дырэктар ТАА Людміла Чэкіна, намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека, намеснік дырэктара Ірына Рыбалка, рэдактар Вольга Лойка, карэспандэнт Алена Талкачова, галоўны бухгалтар Анжэла Асад, намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік, галоўны інжынер Ала Лапатка, менеджар Андрэй Аўдзееў, дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў, дырэктар Rocket Data, tam.by Дар’я Данілава. Удава заснавальніка tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская, юрыст tut.by Кацярына Ткачэнка і былы юрыст партала Ірына Касцючэнка знаходзяцца пад дамашнім арыштам.