Золатавай зноў адмоўлена ў спыненні крымінальнага пераследу



Галоўнаму рэдактару партала tut.by Марыне Золатавай 3 студзеня ў другі раз адмовілі ў спыненні крымінальнага пераследу па „справе БелТА”.

Як паведаміла Золатава БелаПАН, яна падавала паўторнае хадайніцтва ў СК аб спыненні пераследу паводле артыкула 86 Крымінальнага кодэкса, па якім асоба, якая ўпершыню ўчыніла злачынства, што не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, або менш цяжкае злачынства і пакрыла шкоду, можа быць вызваленая ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай, калі будзе прызнана, што для яе выпраўлення досыць прымянення мер адміністрацыйнага спагнання.

Хадайніцтва было пададзенае ў канцы снежня пасля азнаямлення з матэрыяламі справы.

Рашэнне аб адмове следчы па асабліва важных справах галоўнага следчага ўпраўлення СК Беларусі Аляксандр Сяменік паведаміў адвакату Золатавай па тэлефоне. „Аргументацыя рашэння пакуль не вядомая. Яна будзе ў адказе, які з СК павінны даслаць па пошце”, — адзначыла Золатава.

Паводле яе слоў, хадайніцтва было аналагічнае першаму, пададзенаму ў лістападзе. 30 лістапада галоўны рэдактар партала атрымала адмову ў яго задавальненні. Золатава нагадала, што ў яе застаецца магчымасць звярнуцца ў пракуратуру, а затым у суд з хадайніцтвам аб спыненні крымінальнага пераследу.

Марына Золатава застаецца апошняй абвінавачанай па „справе БелТА”. Ёй выстаўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкулу — ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Астатнія 14 журналістаў і рэдактараў розных СМІ, якія ў межах „справы БелТА” абвінавачваліся ў несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі (ч. 2 арт. 349 КК), раней былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў у 30 базавых велічынь (735 рублёў) кожнаму журналісты пакрылі шкоду. Сумы — ад 3 тысяч да 17 тысяч рублёў.

З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. Былі затрыманыя супрацоўнікі tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, аглядальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і галоўны рэдактар агенцтва Ірына Леўшына, а таксама ўласны карэспандэнт „Нямецкай хвалі” Паўлюк Быкоўскі і рэдактар сайта газеты „Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

belapan.by