Золатаву і Талкачову абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры
Менскі гарадскі суд 31 траўня ў закрытым рэжыме разгледзеў і не задаволіў скаргу на ўзяцце пад варту галоўнага рэдактара tut.by Марыны Золатавай і журналіста партала, а таксама інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алены Талкачовай.
Згодна з паведамленнем tut.by, абедзвюх абвінавачваюць у саўдзеле ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 1 арт. 16 і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса), санкцыя артыкула прадугледжвае да пяці гадоў абмежавання або ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі.
„Суд пакінуў у сіле самую суровую меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Зыходзячы з практыкі можна меркаваць, што яна абраная на два месяцы, затрыманыя нашы калегі былі 18 мая, знаходзяцца ў СІЗА № 1 (т.зв. Валадарка)”, — гаворыцца ў паведамленні tut.by.
Раней Камітэт дзяржкантролю заявіў, што крымінальная справа распачатая ў дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” на падставе ч. 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў), які адносіцца да катэгорыі цяжкіх. Максімальны тэрмін утрымання абвінавачаных пад вартай да суда згодна з гэтым артыкулам можа складаць паўтара года.
Па „справе tut.by” 18 траўня было затрымана 15 чалавек. Пад вартай акрамя Золатавай і Талкачовай знаходзяцца генеральны дырэктар ТАА Людміла Чэкіна, намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка, намеснік дырэктара Ірына Рыбалка, рэдактар Вольга Лойка, галоўны бухгалтар Анжэла Асад, намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік, галоўны інжынер Ала Лапатка, менеджар Андрэй Аўдзееў, дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў, дырэктар Rocket Data, tam.by Дар’я Данілава. Удава заснавальніка tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская, юрыст tut.by Кацярына Ткачэнка і былы юрыст партала Ірына Касцючэнка знаходзяцца пад хатнім арыштам.
Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.