Зона актыўнага адпачынку ў Віцебску стала «безалкагольнай»



Некалькі месяцаў віцябляне змагаліся за тое, каб у зоне актыўнага адпачынку ўздоўж рэчкі Віцьба перасталі прадаваць алкагольныя напоі.

Была створана петыцыя з такім патрабаваннем, але гарадскія ўлады заявілі, што продаж алкаголю ў вулічных кавярнях – адзіная ўмова рэнтабельнага гандлю. Маўляў, безалкагольны асартымент не выгадны арандатарам гандлёвых плошчаў, яны адмовяцца ўсталёўваць на набярэжнай харчовыя кропкі, і аматарам бегу або раварыстам не будзе магчымасці набыць нават пітной вады.

І тым не менш, вулічныя кавярні дэмантавалі. Незадавальненне гараджанаў і журналісцкае даследаванне ў газеце «Витебский курьер» прыцягнулі ўвагу пракуратуры: як высветлілася, былі парушаны ўмовы арганізацыі аўкцыёну на ўстаноўку вулічных кавярняў. Прасцей кажучы, уладальнікам харчовых кропак прапанавалі гандляваць там «па-знаёмству».

Шапікі, дзе гандлююць безалкагольнымі напоямі ды ды ласункамі засталіся, а вулічныя кавярні дэмантаваныя – іх, верагодна, перанясуць у іншае месца, бліжэй да аўтапаркоўкі і падалей ад дзіцячых атракцыёнаў. Але адбудзецца гэта, найверагодней, ужо не сёлета: аўкцыён прызначаны на 4 верасня, а тэрмін сезоннай працы вулічных кавярняў – да 31 кастрычніка, а ўвосень аматараў спартовага адпачынку на берагах Віцьбы відавочна меншае.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск