Зураб Аласанія: Наша задача – падтрымаць Паўла і яго сям’ю
Кіраўнік нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны Зураб Аласанія распавёў пра “шпіёнскую справу” і журналіста Паўла Шаройку.
Нагадаем, што, па інфармацыі КДБ Беларусі, 25 кастрычніка «пры правядзенні агентурнай акцыі з доказамі злачынства быў затрыманы кадравы супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Павел Шаройка». Сілавікі сцвярджаюць, што пасада Шаройкі як карэспандэнта «Украінскага радыё» была «для прыкрыцця».
Зураб Аласанія: Усё пачалося з таго, што да нас прыехала жонка Паўла, якая і распавяла пра сітуацыю з мужам. Яго ж затрымалі амаль месяц таму, але стала пра гэта вядома толькі нядаўна. І я вырашыў праз сацыяльныя сеткі паведаміць інфармацыю пра затрыманне журналіста.
РР: Вы добра ведаеце Паўла Шаройку?
Зураб Аласанія: Практычна не ведаю, бо ён працаваў на “Украінскі радыё”, і я яго нават ніколі не бачыў. А да гэтага журналіст працаваў наогул у іншай інфармацыйнай кампаніі – УНІАН.
РР: Што вы думаеце пра гэтую “шпіёнскую справу”? КДБ паказала відэа прызнанняў Паўла…
Зураб Аласанія: У нас многія не вераць гэтым прызнанням і мяркуюць, што яны зроблены пад ціскам беларускіх сілавікоў. Увогуле, рана рабіць нейкія высновы, хаця на сайце кампаніі мы выказалі сваю пазіцыю адносна справы і журналіста. Хачу і зараз паўтарыць – мы не маем са спецслужбамі ніякіх стасункаў акрамя афіцыйных, таму няхай разбіраюцца ў справе найперш яны. А наша задача – дапамагчы той жа сям’і Паўла Шаройкі і падтрымаць яе і маральна, і матэрыяльна.
РР: У Беларусі ды, напэўна, і ва Украіне многія выказваюць версіі пра “расейскі след” у гэтай справе.
Зураб Аласанія: Я не магу вылучаць ніякіх версій, калі ў мяне няма канкрэтных фактаў. Бачу, што ў паветры робяцца нейкія целарухі дзяржаў, але за гэтым працэсам можна толькі назіраць, але ніяк не рабіць без высновы. Навошта трэсці ў паветры новымі “сенсацыйнымі” фактамі, калі іх няма? Паўтаруся, мы будзем перажываць за Паўла, чакаць яго хутчэйшага вызвалення, але паўплываць на гэтыя працэсы ніякім чынам не можам.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя