Звесткі па выкарыстанні беларускай мовы будуць значна вышэйшыя
Звесткі перапісу насельніцтва 2019 года, звязаныя з пытаннямі выкарыстання беларускай і рускай моў, з’явяцца пасля 1 верасня, паведаміла на прэс-канферэнцыі 20 лютага ў Менску старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева.
Каментуючы скаргі людзей на тое, што перапісчыкі часам не маглі пераключыцца на беларускую мову ці не задавалі пытанняў пра беларускую мову, кіраўнік Белстата сказала, што гэтыя пытанні вырашаліся.
«Калі былі пытанні, звярталіся на прамую лінію, непасрэдна да нас, мы стараліся вырашаць пытанні па беларускай мове, – падкрэсліла яна. – Дагэтуль нам тэлефануюць неабыякавыя грамадзяне, якія не прайшлі перапіс, – па іх у нас стаяць адмовы з прычыны таго, што наш перапісчык не размаўляў па-беларуску. З-за таго, што гэта была адмова, мы, натуральна, яго ўзялі з адміністрацыйных даных, пераправерылі ў сваёй базе. Гэта значыць была такая пазіцыя, але не ў многіх людзей. Але вы ж разумееце, што мы не маглі навучыць беларускай мове абсалютна ўвесь набраны персанал перапісчыкаў, тым больш што ў Рэспубліцы Беларусь у нас двухмоўе».
«Пры гэтым насельніцтва ставілася да гэтага пытання вельмі добра – чакала, пакуль перапісчык пяройдзе на іншую мову, імкнуліся адказаць. У нас ёсць дастаткова вялікая колькасць людзей, якія адказвалі на беларускай мове», – дадала Мядзведзева.
На пытанне, ці могуць такія выпадкі адбіцца на выніках перапісу што да моўнага пытання, яна адказала: «Думаю, што не».
«З улікам праведзенай інфармацыйнай працы мы чакаем, што звесткі па выкарыстанні беларускай мовы будуць значна вышэйшыя, чым у мінулым перапісу», – заявіла старшыня Белстата.
Падчас папярэдняга перапісу 2009 года, згодна са звесткамі Белстата, беларускую мову назвалі роднай 60% жыхароў краіны (5 млн 58 тыс. чалавек), аднак дома на ёй размаўляюць толькі 30% насельніцтва.