Звольненую за мёртвае немаўля загадчыцу паліклінікі аднавілі на працы



Суд Цэнтральнага раёну Гомеля аднавіў на працы звольненую загадчыцу філіяла дзіцячай паліклінікі №4 Вольгу Сініцыну. Жанчыну звольнілі па артыкуле 47 Працоўнага заканадаўства „Аднаразовае грубае парушэнне працоўных абавязкаў”.

Медык і маці трох дзяцей пазбавілася працы пасля таго, як у адной з гомельскіх кватэр знайшлі муміфікаваную трохмесяцовую дзяўчынку. Пасля трагедыі да дысцыплінарнай адказнасці было прыцягнута каля 20 службовых асобаў. Сярод іх – Вольга Сініцына.

Жанчына вырашыла давесці праз суд, што з яе боку ніякіх грубых парушэнняў службовых інструкцыяў не было і што яе звальненне сталася рэакцыяй на трагедыю, а не на яе працу. Вольга Сініцына лічыць, што належным чынам выконвала працоўныя абавязкі.

Вольга Сініцына:

– Паводле рашэння суда, аднаўленне на працы падлягае неадкладнаму выкананню. Я ўжо адвезла рашэнне на працу. Мне ўжо прадставілі загад пра тое, што я адноўленая на працы і ў сацыяльным адпачынку па доглядзе за дзіцём.

Вольга Сініцына кажа, што адчувала вялізную падтрымку грамадскасці і сваякоў падчас усяго перыяду змагання.

„Прывяду цытату маіх дзяцяй. Яна пажартавалі, што такое адчуванне, што ў мяне два месяцы дзень народзінаў. Бо да нас пастаянна хтосьці прыходзіць. Прыносяць нейкія сувеніры, пачастункі”, – распавядае медык.

Адноўленая на пасадзе загадчыца паліклінікі заўважае, што для многіх калег яе перамога ў судзе – гэта „умацаванне веры ў тое, што справядлівасць усё-такі ёсць”.

Рашэнне Цэнтральнага суда наконт аднаўлення Вольгі Сініцынай на пасадзе загадчыцы філіала №4 дзіцячай паліклініцы ўступае ў сілу 30 сакавіка 2015 года. Таксама ў працоўнай кніжцы медыка будзе прыбраны запіс пра звальненне па артыкуле.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель