Звольнены інжынер-канструктар «Нафтана» Аляксандр Балонкін
4 Лістапада звольнілі інжынера-канструктара «Нафтана» Аляксандра Балонкіна, які мае трох непаўналетніх дзяцей, паведамляе «Беларускі незалежны прафсаюз Наваполацк».
Аляксандра Балонкіна затрымалі 27 верасня на працоўным месцы. На яго склалі пратакол па артыкуле 19.11 (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці) з-за фота ў „Інстаграм”, на якім мужчына трымае плакат „Я/МЫ TUT.бай”. Аляксандра асудзілі на 15 сутак.
Каб пазбегнуць звальнення за прагул, Аляксандр Балонкін спрабаваў аформіць водпуск без захавання заработнай платы, заява была ўзгоднена з непасрэдным кіраўніком інжынера, аднак вышэйстаячыя службовыя асобы яму адмовілі.
Паводле інфармацыі БНП, інжынеру тройчы прапаноўвалі звольніцца па дамове бакоў, але ён адмовіўся ад такога варыянту, паколькі гэта прадугледвае згоду са звальненнем, а работнік з ім не згодны.
Аляксандра звольнілі менш як за тры месяцы да заканчэння тэрміну кантракта, да звальнення ён працаваў на прадпрыемстве 19 гадоў.