Звольнены камандзір часткі, дзе служыў Аляксандр Коржыч



У ходзе праверкі ваенным ведамствам стану правапарадку ў 72-м Аб’яднаным навучальным цэнтры за непрыняцце мер па прадухіленні гібелі асабістага складу, падтрыманні ўнутранага парадку загадам міністра абароны звольнены з Узброеных сіл камандзір вайсковай часці — начальнік школы, у якой праходзіў службу радавы Аляксандр Коржыч, паведамляецца на сайце Міністэрства абароны Беларусі.

21-гадовага Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай у склепе ў вайсковай часці ў Пячах. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі следства назвала суіцыд.

Сваякі з гэтай версіяй не пагадзіліся і заявілі аб гвалтоўным характары смерці. Следчы камітэт распачаў справу па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі трагедыі: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.

Паводле даных на 17 кастрычніка па „справе Коржыча” ўжо заключаныя пад варту 10 чалавек, у тым ліку два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 года нараджэння і яго намеснік капітан 1989 года нараджэння, сем сяржантаў і прапаршчык.

„Праверка працягваецца. Абавязкова будзе забяспечана не толькі няўхільнасць пакарання ў адпаведнасці з заканадаўствам вінаватых асоб за ўчыненне правапарушэнняў, але і службовых асоб — за непрыняцце мер па падтрыманні дысцыпліны”, — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны.

belapan.com