Звольнены з арміі лейтэнант Сяргей шукае праўду



Звальненнем з арміі абярнулася для 28-гадовага лейтэнанта Сяргея сустрэча з прапаршчыкам пазаведамаснай аховы Асіповіцкага РАУС.

Вяртаючыся дадому з суботы на нядзелю ў 4 раніцы Сяргей пачуў за аўтобусным прыпынкам крыкі і валтузню. Мільганула думка, што камусьці патрэбна дапамога. Ён крыкнуў: эй, што вы там робіце. Тут выскачыў, пакрыўджаны словам “эй”, міліцыянт і накінуўся на маладога чалавека, які быў у цывільнай вопратцы. Ён заламаў рукі з патрабаваннем паказаць дакументы. Абшукалі адзенне і завезлі ў міліцыю. Калі Сяргей папрасіў дакументы ў міліцыянтаў, збілі і ўкінулі ў ізалятар на двое сутак, гаворыць цяпер ужо былы лейтэнант:

– Пасля гэтых двух сутак мяне павялі да начальніка РАУС для складання пастановы пра адміністрацыйнае правапарушэнне – знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення, чым абражаў чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць. Там я выказваўся, што я не згодны. Як я мог абражаць чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць, калі на вуліцы нікога не было. Я не валяўся, не лаяўся нецензурна, не крычаў.

Увесь рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

Паводле Сяргея, па міліцэйскіх дакументах, ён шатаўся, гаварыў неразборліва, не падчыніўся патрабаванням міліцыі і аказаў супраціўленне. Ён звяртаўся ва ўсе магчымыя інстанцыі для аспрэчвання свайго звальнення. Цяпер чакае адказу з апошняй судовай інстанцыі.

Беларускае Радыё Рацыя