Звольнілі доктара Бадамшына, які прайшоў праз 5 арыштаў



Лекара функцыянальнай дыягностыкі Руслана Бадамшына звольнілі з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Фармальнай прычынай стала тое, што 8 красавіка пасля выхаду з СІЗА доктар прыйшоў на працу на дзве гадзіны пазней.

8 красавіка ў 7.30 доктар быў вызвалены з Жодзінскай турмы, дзе адбываў чарговае пакаранне — 15 сутак. Бяз грошай і тэлефона ён змушаны быў дабірацца ў Менск. На працу Бадамшын зьявіўся а 12-й гадзіне замест 10-й. Паводле афіцыйнай версіі, спазненне на 2 гадзіны лічыцца прагулам.

Руслана Бадамшына затрымалі 24 сакавіка ў пад’ездзе дома, калі ён накіроўваўся на працу, і асудзілі на 15 сутак арышту. Гэта была пятая адседка Руслана Бадамшына. Са жніўня 2020 году доктар правёў за кратамі 64 сутак. Апошні раз адбываў пакараньне ў Жодзіне — без пасцельнай бялізны, душу, пра што расказаў журналістам, паведамляе svabod1.azureedge.net

«Нібыта я павінен быў з турмы прыбыць на працу а 10-й! Па-першае, мне трэба было даехаць да Менску. Як я мог, галодны, брудны, не выспаўшыся — адразу прыбыць у клініку і працаваць з пацыентамі? Натуральна, мне неабходна было прывесці сябе ў парадак.

Адміністрацыя шукала прычыны звольніць мяне яшчэ са жніўня: правярала санітарны стан, пастаянна кантралявала. Цяпер падставу знайшлі», — расказаў доктар-неўролаг Руслан Бадамшын.

У сям’і Руслана Бадамшына двое дзяцей, 9 і 6 гадоў.