Звычайныя беларусы пра Усебеларускі народны сход



У Менску праходзіць пяты Усебеларускі народны сход. У ім удзельнічае дзве з паловай тысячы дэлегатаў. Як сцвярджае ўлада, дэлегаты сабраліся на сход,  каб калегіяльна вызначыць стратэгію развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў.

Галоўнай тэмай дыскусіі з’яўляецца праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы. У ім прапанавана пяць прыярытэтаў на бліжэйшыя гады:  інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя і моладзь.

У той час, калі праходзіць сход у Менску, мы запыталіся ў мінакоў Глыбокага, якія надзеі  і спадзяванні звязваюць яны са сходам.

– Я ім не давяраю. Чытаў пра гэта ў газеце. Але ж вы і самі бачыце, якія ў нас заробкі і цэны. Таму спадзяванняў ніякіх няма.

– Не маю ніякіх надзей. Жыццё не паляпшаецца, а мы нібы ідзем на дно.

– Канешне, чакаем толькі добрае: каб пенсіі падвысілі, каб людзі лепш жылі, каб мір быў.

– Мне здаецца, што нічога ў нас не зменіцца.

– Спадзяюся на добрыя вырашэнні, на паляпшэнне сацыяльнага жыцця, абарону сацыяльных правоў чалавека.

– Надзей – ніякіх! Паводле мяне, гэта абсурд. Мы і так бедная краіна, і плаціць за пераліванне гэтымі дэпутатамі цягам некалькіх дзён з пустога ў парожняе – прынамсі неразумна.

За ўрачыстую вечарыну «Наш шлях» у межах культурнай праграмы V Усебеларускага народнага сходу дзяржава заплаціла больш за тры з паловай  мільярды рублёў. Усіх рэгіянальных дэлегатаў, а іх 2 100 чалавек рассялілі ў найлепшыя гатэлі Менска. Да гэтага трэба дадаць харчаванне дэлегатаў,праезд, падарункі, паслугі аховы. Можна ўявіць, у якую немаленькую суму абыдзецца беларускаму народу гэтая падзея ў час эканамічнага крызісу ў краіне.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота nn.by