Звыш 160 чалавек з COVID-19 – у берасцейскай гарадской клінічнай лякарні
Звыш 160 чалавек на лячэнні са станоўчым тэстам на COVID-19 знаходзіцца на лячэнні ў берасцейскай гарадской клінічнай лякарні. Такімі сталі апошнія агучаныя чыноўнікамі лічбы, а менавіта лекарам медыцынскай установы Аляксандрам Карпіцкім.
Паведамляе наш карэспандэнт Аліса Поль:
– Як высветлілася, сярод хворых ёсць медыцынскія супрацоўнікі. Але дакладная лічба засталася невядомай. Афіцыйна ў інфекцыйным аддзяленні гарадской лякарні знаходзіцца 125 чалавек. Яшчэ частка – у рэанімацыі і ў хірургічным аддзяленні.
Таксама па-ранейшаму без агучвання засталася лічба тых, хто сышоў з жыцця з прычыны каронавіруснай інфекцыі.
Агулам ва ўстанове аховы здароўя за ўвесь перыяд было зафіксавана 250 чалавек, што мелі каронавірусную інфекцыю. Гэта значыць, што справіліся з хваробай або памерлі яшчэ каля 90 чалавек. Яны складаюць прыкладна 35 працэнтаў ад колькасці інфікаваных. Лічбы па вобласці невядомыя.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце