„Зялёны дазор” прадставіў у Менску адмысловы даведнік
Грамадская экалагічная інспекцыя „Зялёны дазор” прадставіла ў Менску адмысловы даведнік. Ён павінен дапамагчы неабыякавым да экалагічных пытанняў грамадзянам змагацца супраць парушэння прыродаахоўных законаў.
Па словах каардынатара гэтай арганізацыі Ірыны Белай, грамадзяне Беларусі часта сутыкаюцца з такімі парушэннямі, і павінны ведаць заканадаўства, каб садзейнічаць іх выпраўленню.
– Шмат людзей не ведаюць прыродаахоўчага заканадаўства не таму што не цікавяцца, а таму што складана прабіцца праз мову законаў. І наша юрысты падрыхтавалі алгарытмы дзеянняў: што рабіць, калі бачыш канкрэтную экалагічную праблему, якая звязаная з парушэннем прыродаахоўчага заканадаўства.
Па словах Ірыны Белай, выдадзены ўжо другі выпуск даведніка „Зялёнага дазору”. У ім сабрана 45 алгарытмаў дзеянняў – што рабіць у той ці іншай сітуацыі, якая парушае прыродаахоўны закон.
З траўня, калі пачала працаваць грамадска-экалагічная інспекцыя „Зялёны дазор”, яе актывісты здолелі вырашыць каля палутара тысяч экалагічных праблем рознага ўзроўню. Гэта і няправільная паркоўка, несанкцыянаваныя сметнікі, незаконная высечка дрэваў ды іншыя – нагадала Ірына Белая.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя