“Зялёны кірмаш” ад Vitebsk4me
Сацыяльна-культурніцкая ўстанова Vitebsk4me (Віцебск для мяне) арганізавала ў цэнтры гораду незвычайную гандлёвую пляцоўку.
Віцябляне маглі не толькі набыць па вельмі танных коштах упадабаныя рэчы, але і ўзяць нешта задарма. А таксама памяняцца парасткамі хатніх кветак або іншых раслін. Што, уласна кажучы, і дала назву імпрэзе – “Зялёны кірмаш”, тлумачыць прадстаўнік Vitebsk4me Уладзімір Булаўскі:
– Мы ўсё гэта назвалі “Зялёны кірмаш”, ён уключае ў сябе бясплатны абмен рэчамі – “free market”, так званую “Барахолку”, дзе можна танна набыць ці абмяняць нейкія цікавыя рэчы – кніжкі, кружэлкі, паштоўкі, а таксама абмен раслінамі, бо для вясны гэта актуальна. Па выніках “Барахолкі” тыя рэчы, што застануцца, добрыя мы аддамо ў “Чырвоны крыж”, а горшыя – на рыззё ў прытулак для бяздомных жывёлаў. Калі нешта будзе прададзена, то таксама набудзем ежу ці нешта яшчэ патрэбнае для віцебскага прытулку для жывёлаў.
Зрэшты, атрыманне прыбыткаў – гэта не галоўная мэта, лічыць Уладзімір Булаўскі. Найважней, каб падчас падобных імпрэзаў людзі сустракаліся, знаёміліся паміж сабой, камунікавалі, знаходзілі агульныя зацікаўленні. І разам, магчыма, зрабілі нешта карыснае для роднага гораду.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск