«Зялёным» удалося дабіцца прыпынення высечкі дрэваў у менскім скверы
«Зялёным» удалося дабіцца прыпынення высечкі дрэваў у менскім скверы Котаўка. Канфлікт паміж жыхарамі прылеглага раёна, якіх падтрымалі «зялёныя» актывісты, і камунальнымі службамі, што спрабавалі спілаваць дрэвы, перарос апошнімі днямі ў фізічнае супрацьстаянне.
У гэтым канфлікце вінаватыя найперш гарадскія ўлады, якія адкрыта ігнаруюць інтарэсы мясцовых жыхароў, кажа актывістка экалагічнага таварыства “Зялёная Сетка” Марына Дубіна:
— І тут мы бачым сітуацыю, якая магла б без патурання гарадскіх уладаў урэгулявацца мірным шляхам. Калі не было б канфлікту, калі б бакі не настройваліся супраць адзін аднаго. У выглядзе пошуку і знаходжання альтэрнатыўнай пляцоўкі, для размяшчэння аб′екта. Асабліва прымаючы пад увагу тое, што тут ёсць прамыя парушэнні заканадаўства.
У выніку патасоўкі паміж «зялёнымі» і работнікамі камунальных службаў некалькі экалагічных актывістаў атрымалі траўмы. Высечка дрэваў была часова прыпыненая пасля асабістага ўмяшальніцтва старшыні Менгарвыканкама Андрэя Шорца. Тым не менш, «зялёныя» збіраюцца працягваць пільнаваць сквер, каб не дапусціць узнаўлення высечкі.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя