„Зялёныя” просяць у мінэнерга дазвол на агляд будоўлі АЭС



Прадстаўнікі Беларускай партыі “Зялёныя” афіцыйна падалі запыт у Міністэрства энергетыкі з просьбай прадаставіць поўную інфармацыю наконт інцыдэнту з падзеннем корпуса рэактара першага энергаблока на будаўнічай пляцоўцы Астравецкай АЭС.

Інцыдэнт адбыўся яшчэ 10 ліпеня, але Міністэрства энергетыкі пацвердзіла яго толькі на гэтым тыдні. Таму па ўсім відаць, што Міністэрству інфармацыі ды іншым ведамствам ёсць што хаваць, лічыць першы намеснік старшыні Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук.

– Мы дасылаем запыт у міністэрства энергетыкі, генеральнаму дырэктару Беларускай атамнай элетрастанцыі, начальніку Дзяржатамнагляду, міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Мы хочам, каб нас дапусцілі на будаўнічую пляцоўку як палітычную партыю – актывістаў і прадстаўнікоў СМІ – для таго, каб мы візульна зрабілі агляд, пагаварылі з рабочымі, ці сапраўды там была надзвычайная сітуацыя, каб мы зрабілі свае высновы. Калі ад нас гэтую інфармацыю будуць хаваць, гэта будзе азначаць, што ў іх ёсць што хаваць. Таму мы накіравалі афіцыйны запыт, і думаю, на працягу 10-15 дзён мы павінны атрымаць адказ.

Расейскі генпадрадчык, які вядзе будаўніцтва АЭС, сцвярджае, што нічога страшнага ў выніку інцыдэнта з рэактарам не адбылося, але ўжо неаднаразова адмовіў журналістам у допуску на будаўнічую пляцоўку.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя