З’явілася інтэрактыўная мапа месцаў сталінскіх расстрэлаў у ваколіцах Віцебска
Жыхар Віцебску Андрэй Кешанюк зрабіў першую ў рэгіёне інтэрактыўную мапу месцаў сталінскіх расстрэлаў. Ён пазначыў на ёй вёскі Паляі і Хайсы, а таксама ўмоўнае азначэнне “25-ты кіламетр па Гарадоцкай шашы”: паводле ўспамінаў старажылаў і даследванняў гісторыкаў, менавіта тут у 1930-я гады расстрэльвалі мірных жыхароў. Мапа будзе дапрацоўвацца па меры адкрыцця новых звестак пра масавая пахаванні ахвяраў сталінскага тэрору.
Паводле Андрэя Кешэнюка, патрэба зрабіць гэтую мапу наспела, бо ў апошнія гады ўзрасла цікаўнасць да гэтага перыяду гісторыі, але не ўсе ведаюць, як знайсці жалобныя месцы.
– Нельга забываць тыя страшэнныя злачынствы, якія былі ў тыя гады. Гэтая мапа, напэўна, дасць магчымасць проста ведаць, каб на дні памяці занесці туды кветкі. У людзей павінна быць інфармацыя, каб яны маглі туды дабрацца і нейкім чынам ушанаваць памяць.
На інтэрактыўнай мапе Андрэй Кешанюк размясціў геаграфічныя каардынаты і кароткія звесткі пра гісторыю адкрыцця трагічнай таямніцы гэтых мясцін. Стваральнік гатовы працягваць гэтую працу. У бліжэйшы час на мапе з’явяцца звесткі пра так званы “Цёплы лес”- яшчэ адно месца сталінскіх расстрэлаў пад Віцебскам.
Беларускае Радыё Рацыя