З’явілася магчымасць дапамагчы дзецям з Гарадзенскага хоспісу
З пачатку чэрвеня працуе тэлефонная лінія па збору сродкаў для цяжка і безнадзейна хворых дзетак, якія знаходзяцца пад апекай Гарадзенскага дзіцячага хоспіса. Кожны, хто патэлефануе на нумар 8 902 214 14 14, пералічыць 20 000 беларускіх рублёў, якія будуць выкарыстаныя на набыццё медыкаментаў, спецыяльнага абсталявання і неабходных рэчаў для дзяцей, якім неабходна паліатыўная дапамога.
Шматгадовая дзейнасць хоспіса па словах дырэктара ўстановы Вольгі Шульгі накіравана на аказанне дапамогі як хворым дзетка, так і іх бацькам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі:
– Мы вучым бацькоў, каб яны ўспрымалі сваіх дзяцей такімі, якія яны ёсць, бо яны ўнікальныя. Няма такога дзіцёнка больш нідзе. І яны павінны ўзрадвацца таму, што ёсць у іх такое дзіця – хворае ці не хворае. Калі дзіцёнак бярэ аловак і малюе – гэта вялікі поспех. Мы вучым, каб бацькі .радаваліся гэтаму.
Гарадзенскі дзіцячы хоспіс – адзіная ўстанова ў горадзе, якая ажыццяўляе паліатыўны патранаж і аказвае гуманітарную дапамогу дзецям з цяжкімі парушэннямі і з абмежаваным тэрмінам жыцця. Хоспіс працуе з 2008 года і дапамагае паляпшаць якасць жыцця цяжка хворых дзетак і іх сем’яў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня