З’явілася петыцыя супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім



Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі стварыла петыцыю супраць прызнання бел-чырвона-белай сімволікі экстрэмісцкай. Зварот размешчаны на сайце Petitions.by.

Петыцыя стала адказам на зварот больш за сотню грамадзян у Генеральную пракуратуру з просьбай забараніць бел-чырвона-белую сімволіку. Прадстаўнік Генпракуратуры 29 студзеня паведаміла, што на гэтай падставе ведамства рыхтуе дакументы для абвяшчэння сцяга і іншай сімволікі ў бела-чырвоных колерах экстрэмісцкай.

„Мы лічым, што забарона на выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі не абгрунтаваная нічым, акрамя палітычнага націску на грамадзян, не згодных з дзеяннямі дзейных уладаў. Грамадзяне павінны мець магчымасць звяртацца ў дзяржаўныя органы, патрабаваць прызнання пэўных кампаній, асоб, колераў экстрэмісцкімі. Але мы дакладна ведаем, што забарона бел-чырвона-белай сімволікі — гэта не жаданне народа, а капрыз 100 чалавек”, — гаворыцца ў петыцыі.

У ёй адзначаецца, што ў кодэксе „Аб культуры” (п. 2 арт. 69) змест геральдычных аб’ектаў адносіцца да нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў. Бел-чырвона-белы сцяг, які быў дзяржаўным сцягам Беларусі з 1991 па 1995 гады, з’яўляецца прыкладам нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці.

Петыцыя змяшчае патрабаванні аб спыненні пераследу беларусаў за выкарыстанне сімволікі, якая ўяўляе сабой нематэрыяльную культурную каштоўнасць, а таксама прызнання бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай спадчынай.

Каардынацыйная рада заклікае паказаць, „што нас нашмат больш за 100 чалавек”. „Падпішыце петыцыю і памятайце, што забарона на выкарыстанне колераў ніяк не зменіць наша агульнае жаданне рухацца да новай Беларусі”, — адзначаюць аўтары звароту.

Петыцыю плануецца накіраваць у Міністэрства культуры і Генеральную пракуратуру.

Блізу апоўдні 30 студзеня, за некалькі гадзін пасля размяшчэння, пад зваротам падпісалася больш за 12 тысяч чалавек.

Бел-чырвона-белы сцяг з’явіўся больш як сто гадоў таму. Ён стаў сімвалам беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ стагоддзя, а ў 2020 годзе — адным з галоўных сімвалаў барацьбы за свабоду і масавых пратэстаў.

belapan.by