З’явілася петыцыя за вывучэнне беларускай лацінкі ў школе
14 кастрычніка на платформе petitions.by з’явілася петыцыя з прапановай увесці вывучэнне беларускага лацінскага алфавіта на ўроках беларускай мовы ў школе, петыцыю плануецца накіраваць у Міністэрства адукацыі Беларусі.
Так, аўтары прапануюць дадаць у прадмет беларускай мовы гадзіны па вывучэнні беларускага лацінскага алфавіта і правілаў яго напісання. Яны абгрунтоўваюць гэта тым, што лацінка ёсць неад’емнай часткай беларускай мовы, якую цяпер выкарыстоўваюць для пазначэння вуліц, аўтобусных прыпынкаў і станцый метро. Аднак праз слабую асвету ў гэтым пытанні, многія грамадзяне не разумеюць гэтае напісанне, і часцяком крытыкуюць лацінку. Таксама аўтары адзначаюць, што вывучэнне лацінкі дапаможа ў прачытанні іншых славянскіх моў з лацінскай графікай, і дапаможа ў далейшым навучанні.
Беларуская лацінка мае даўнюю гісторыю, з’явіўшыся ў XVI стагоддзі, яна стала асноўнай графікай у часе станаўлення сучаснай беларускай мовы ў другой палове XIX стагоддзя. Так, беларускай лацінкай выдавалася «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага, творы Дуніна-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча. Лацінкай у XX стагоддзі выдаваліся „Наша Ніва”, „Гоман” і іншыя беларускія газеты. Лацінкай і кірыліцай выйшла першая граматыка беларускай мовы Браніслава Тарашкевіча. У 2007 годзе на аснове лацінкі была створаная Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь, напісанне паводле яе выкарыстоўвацца ў менскім метрапалітэне і іншым грамадскім транспарце, на навігацыйных стэндах і шыльдах з нумарацыяй дамоў.