З’явіліся ўласна беларускія плакаты супраць смяротнага пакарання (абноўлена)
Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі праводзіцца пад лозунгам „Смяротнае пакаранне – гэта забойства”. Акцыю адкрылі выставай плакатаў „Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” беларускага мастака з Вільні Алега Аблажэя ў офісе выдавецтва „Галіяфы”. У рамках выставы таксама прадэманстраваны работы з маштабнага праекта Death Is Not Justice, перададзеныя для экспанавання ў беларускай сталіцы Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання. Запланавана шэраг мерапрыемстваў і ў рэгіёнах, як адзначае праваабаронца Андрэй Палуда.
– Запланавана прэс-канферэнцыя, якая адбудзецца 10 кастрычніка – у Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. У рэгіёнах плануецца правесці паказы фільмаў. Арганізацыйнымі момантамі будуць займацца філіі праваабарончага цэнтра “Вясна” і непасрэдна сам цэнтр. Думаю, будуць задзейнічаны ўсе рэгіёны, што ўваходзяць у сетку пакрыцця Беларускага Радыё Рацыя.
Адкрытая лекцыя заснавальніцы арганізацыі „Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў” з Узбекістана, праваабаронцы Тамары Чыкуновай пройдзе 9 кастрычніка ў офісе выдавецтва „Галіяфы”. Завершацца мерапрыемствы тыдня 10 кастрычніка, у Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. Тыдзень праводзіцца ў межах кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая дзейнічае з 2009 года. Праваабаронцы нагадваюць, што Беларусь застаецца адзінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы краінай, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
5 кастрычніка ў Менску ў кнігарне “Галіяфы” у межах Тыдня супраць смяротнага пакарання адчынілася выстава плакатаў Алега Аблажэя – вядомага беларускага мастака з Вільні.
Да гэтага часу свет яшчэ не ведаў уласна беларускіх плакатаў – з сюжэтамі супраць смяротнага пакарання.
[Not a valid template]
Серыя плактаў Алега Аблажэя „Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” узяла назву сваю назву ад аднайменнага праваабарончага фільму.
Адначасова з плакатамі Алега Аблажэя на выставе можна пабачыць плакаты праекта DeathIs Not Justice, перададзеных Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання.
Алег Аблажэй – не толькі выдатны ілюстратар, але і публіцыст – аўтар блога на ншым Беларускім Радыё Рацыя.
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя