З’явіўся сайт, прысвечаны гісторыі сталінскіх рэпрэсій у Віцебскім рэгіёне



Стварэннем сайта займаліся актывісты  ініцыятывы “Хайсы- віцебскія Курапаты”,  якая ладзіць імпрэзы па  ўшанаванні памяці ахвяраў сталінізму ў рэгіёне.

Кіраўнік ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў лічыць, што пра трагічныя падзеі павінны ведаць як мага болей людзей:

– Пасля вайны адбыўся Нюрнбергскі трыбунал, а над бальшавікамі такога трыбуналу не адбылося. І мы хочам давесці людзям аб тых злачынствах – аб камуністычным тэроры – каб людзі пра гэта ведалі і ніколі не забывалі.

Адзін з раздзелаў сайта прысвечаны ўспамінам відавочцаў так званых “сталінскіх расстрэлаў” у ваколіцах Віцебска. Удзельнікі ініцыятывы сабралі больш за 30 такіх аповедаў  вяскоўцаў- старажылаў  або ўжо іхніх нашчадкаў.

Таксама на сайце “Віцебскія Курапаты” можна знайсці звесткі і пра дзейнасць актывістаў, кажа ўдзельнік ініцыятывы Аляксей Прохараў:

– Па-першае, агульная інфармацыя пра нашу ініцыятыву – як усё стваралася-пачыналася, таксама пра месцы расстрэлаў і мемарыялы. І ёсць звесткі пра рэпрэсаваных па раёнах: кожны можа прагледзець спісы па нейкім раёне і пашукаць сваіх сваякоў.

Над матэрыяламі  для сайта “Віцебскія Курапаты” працуюць мясцовыя краязнаўцы і журналісты. Таксама ўдзельнікі ініцыятывы спадзяюцца, што інтэрнэт-рэсурс дапаможа ім са зваротнай сувяззю – што сваімі сямейнымі гісторыямі  з імі падзеляцца і наведнікі сайта.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск