10 гадоў таму не стала Уладзіміра Конана
Беларускі філосаф, гісторык, літаратурны крытык, доктар філасофскіх навук Уладзімір Конан нарадзіўся 23 красавіка 1934 года ў вёсцы Вераскава на Наваградчыне. Паходзіў з сялянскай сям’і. Вучыўся ў Плянтоўскай пачатковай, Вераскаўскай сярэдняй школе. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Пасля сканчэння БДУ выкладаў гісторыю, расейскую мову і літаратуру ў Старажоўскай васьмігадовай школе Вялейскага раёна, быў яе дырэктарам. У 1961 годзе паступіў у аспірантуру Інстытута філасофіі і права АН БССР, працаваў малодшым, старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам сектара эстэтыкі і сацыяльнай псіхалогіі, вядучым навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута.
З 1990 года Уладзімір Конан працаваў загадчыкам аддзела Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны. Даследаваў тэарэтычна-метадалагічныя праблемы філасофіі і культуралогіі, гісторыю эстэтычнай думкі, пытанні фалькларыстыкі і літаратуразнаўства Беларусі.
На фота: Юры Хадыка, Зора Кіпель, Васіль Быкаў, Вітаўт Кіпель, Дзмітры Бугаёў, Адам Мальдзіс, Уладзімір Конан, 1995 год, Іслач
Першы свой артыкул апублікаваў у 1963 годзе ў часопісе “Весці АН БССР”. Стаў сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі ў 1982 годзе. У 1984 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за цыкл работ па гісторыі філасофскай і грамадскай думкі Беларусі. Ён з’яўляецца аўтарам амаль 30 манаграфій і брашур, шматлікіх навукова-даследчых артыкулаў у розных галінах гуманітарных навук. Сярод апошніх яго манаграфій – “Ля вытокаў самапазнання: станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору”, “Боская і людская мудрасць (Францішак Скарына: жыццё, творчасць, светапогляд)”, “Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча” і многія іншыя.
Уладзімір Конан належыць да першай генерацыі беларускіх філосафаў у сапраўдным сэнсе гэтага слова, людзей, якія, стварылі беларускую гісторыка-філасофскую школу. Людзей, якія ўпершыню заняліся гісторыяй беларускай думкі і паспрабавалі рассыпаць папулярны міф пра тое, што ў Беларусі філасофскай традыцыі не было, а існавала толькі вёска, фальклор. Як гэта ні дзіўна, менавіта Інстытут філасофіі стаўся прытулкам для такіх энтузіястаў, як Конан. Разам з ім былі Майхровіч, Дарашэвіч, Падокшын. З маладзейшага пакалення – Чарнышова. Гэта былі першыя навукоўцы, якія стваралі вобраз іншай беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Ясна, што гэта было няпроста. Напрыклад, сваю доктарскую дысертацыю па гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі Уладзімір Конан абараняў у Маскве. Там жа выйшла і ягоная манаграфія (сумесна з Дарашэвічам), у якой яны ўпершыню прапанавалі новае бачанне беларускай інтэлектуальнай гісторыі. Недзе ў сярэдзіне 1980-ых ён быў ужо загадчыкам аддзела ў Інстытуце філасофіі. І там тады сабралася фантастычна цікавая кампанія. Пра Уладзіміра Конана прыгадвае пісьменнік Анатоль Сідарэвіч: “Я ведаў Уладзіміра Конана з 1969 года, калі працаваў у Капыльскай раённай газеце. Тады спаўнялася 70 гадоў Адаму Бабарэку. Я звярнуўся да Уладзіміра Міхайлавіча, каб ён напісаў артыкул. Ён адгукнуўся. І дзякуючы яму адбылося святкаванне юбілею Бабарэкі афіцыйна на роўні райвыканкама.
У 1972 годзе Уладзімір Конан і Энгельс Дарашэвіч выдалі ў серыі “Гісторыя эстэтычнай думкі СССР” беларускі том. …Часта ў нас акадэмікамі і членамі-карэспандэнтамі становяцца людзі, пасля смерці якіх няма чаго прад’явіць нашчадкам. У адрозненне ад Уладзіміра Конана, які і не быў ні акадэмікам, ні членам-карэспандэнтам”.
Конан – аўтар тысяч артыкулаў, дзесяткаў манаграфій, складальнік некалькіх кніг беларускай літаратурнай і фальклорнай спадчыны, ён зрабіў беларусістыку пераканаўчай, фундаментальнай і грунтоўнай.
Язэп Янушкевіч, Янка Саламевіч і Уладзімір Конан
Уладзімір Конан быў праваслаўным хрысціянінам, сябрам праваслаўнага брацтва Трох віленскіх пакутнікаў. Характэрна, што адну з сваіх грунтоўных працаў – “Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі” ён прысвяціў ідэолагу беларускага каталіцтва.
Памёр Уладзімір Конан 6 чэрвеня 2011 года ў Менску, пахаваны на Паўночных могілках сталіцы.
Беларускае Радыё Рацыя