10 снежня назавуць лаўрэатаў прэміі Аляхновіча



У Міжнародны дзень правоў чалавека адбудзецца ўручэнне прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, напісаныя ў зняволенні. Гэтую прэмію ў 2013 годзе супольна заснавалі Беларускі ПЭН-цэнтр і Радыё Свабода, леташнім і першым яе лаўрэатам стаў Ігар Аліневіч за твор “Еду ў Магадан”.

Паводле Франка Вячоркі, арганізатары плануюць уручаць “турэмную” літаратурную прэмію да таго часу, пакуль сітуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставы, але спадзяюцца, што ў хуткім часе яна страціць сваю актуальнасць:

– Беларусь такая ўнікальная краіна, з такой кепскай славаю, што самыя лепшыя аўтары-творцы за свае погляды трапляюць у вязніцы. Ідэя гэтай прэміі – адзначыць тыя творы, тыя тэксты, раманы, вершы, якія яны напісалі, будучы ў зняволенні, распавесці пра іх, даць ім слова. Сярод намінантаў прэміі ёсць людзі публічныя, такія як Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, так і людзі менш вядомыя – такія як Аляксандр Буд-Гусаім, альбо Ігар Міхнавец, Фелікс Пекер.

Журы традыцыйна вызначае пераможцу і абвяшвае вынікі ў Міжнародны дзень правоў чалавека 10-га снежня. Сёлета ўрачыстасць пройдзе а 18-ай гадзіне на сядзібе Партыі БНФ у Менску. У час мерапрыемства таксама выступіць Зміцер Вайцюшкевіч са сваім праектам турэмнага шансону “Варанок”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя