10 снежня ўручаць прэмію імя Францішка Аляхновіча
10 снежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека журы вызначыць лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў зняволены.
Прэмія была заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысвяцілі драматургу і рэжысёру Францішку Аляхновічу, чыя кніга “У капцюрох ГПУ” адной з першых у свеце расказала пра савецкі ГУЛАГ.
На прэмію намінуюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і расейскай мовах, створаныя ў зняволенні ці пасля і апублікаваныя ў кніжным выглядзе, перыёдыцы ці ў публічнай інтэрнэт-прасторы ў апошні год.
Права намінацыі маюць як аўтары, так і чытачы.
Сярод ранейшых лаўрэатаў прэміі – Зміцер Дашкевіч, Алесь Бяляцкі, Аляксандр Фядута, Павел Севярынец, Вольга Мікалайчык ды іншыя асобы.
Мерапрыемства пройдзе на пляцоўцы “Тэрыторыя правоў”.
Беларускае Радыё Рацыя