100 гадоў паэту, які змагаўся за беларускія школы
У ХХ стагоддзі ў вёсцы Азярніца Слонімскага раёна жыў паэт Алесь Сучок (сапраўднае прозвішча яго было Пётр Дабрыян). Нарадзіўся Пётр Дабрыян 7 кастрычніка 1916 года ў вёсцы Ахматава Алатырскага раёна Чувашыі, калі бацькі знаходзіліся ў бежанстве. У 1922 годзе разам з бацькамі ён вярнуўся дамоў у вёску Какошчычы Слонімскага павета. На радзіме пайшоў у першы клас Мяльканавіцкай польскай школы. Вясной 1932 года ўступіў у нелегальную піянерскую арганізацыю, а праз год яго выбіраюць сакратаром Слонімскага падпольнага райкама піянераў.
Аднойчы пасля вечарыны ў вёсцы Мяльканавічы Пятро Дабрыян папрасіў застацца сваіх юных сяброў у хаце. «Нам патрэбна навучанне на беларускай мове, — палымяна казаў Пятро. — Трэба падрыхтаваць забастоўку вучняў, каб адкрыць такую школу…».
Юныя змагары горача ўзяліся за справу. За некалькі тыдняў размножылі на шапірографе больш за дзвесце пракламацый.
16 студзеня 1934 года дзеці прыйшлі ў школу і заявілі дырэктару Вішнеўскаму, што хочуць вучыцца на роднай мове. Для Вішнеўскага гэта быў гром з яснага неба. Ачомаўшыся ад нечаканасці, ён са злосці кінуў: «Ніколі гэтага не будзе!». Тады беларускія школьнікі выйшлі на вуліцу і разгарнулі транспарант са словамі: «Патрабуем школы на роднай мове!». Больш за дзвесце вучняў прайшлі па вуліцах вёскі Мяльканавічы, раскідваючы лістоўкі з такім жа зместам.
Праз некаторы час Пятра Дабрыяна арыштавала паліцыя, а ў верасні 1935 года польскі акруговы суд прыгаварыў яго да чатырох гадоў турэмнага зняволення. Адбываў зняволенне ў Картуз-Бярозе.
Але да Картуз-Бярозы была яшчэ турма ў Слоніме. Там ён і пачаў пісаць свае першыя вершы. «Паперы і алоўка мець у камеры адміністрацыя не дазваляла. Але я ўхітрыўся… Пісаў алюмініевай лыжкай на сцяне…», — распавядаў некалі пры жыцці мне Пятро Навумавіч. А калі юнак выйшаў на волю, паціху адсылаў вершы ў Вільню. А каб схавацца ад праследаванняў, падпісваўся псеўданімам спачатку Андрэй Сучок, а потым Алесь Сучок.
Зробім так: У 1938 годзе віленскі часопіс «Шлях моладзі» (№ 24) упершыню змясціў яго верш «Я бачыў» пад псеўданімам Андрэй Сучок. А пасля Другой сусветнай вайны Пётр Дабрыян заўсёды падпісваў свае вершы псеўданімам Алесь Сучок. У простай і непасрэднай форме, выкарыстоўваючы традыцыйныя вобразы вясны, сонца, вольнай птушкі, паэт услаўляў свабоду. Ён пісаў пра жыццё вясковага бедняка, пра сялянскага хлопца-бунтара, які сядзіць у турме. Сёння вершы Алеся Сучка, напісаныя ў 1930-х гадах, маюць перш за ўсё літаратурна-гістарычную цікавасць. Іх агульны пафас — стваральны, сугучны нашым пераўтварэнням. Гэта вершы-заклікі, вершы-лозунгі. Паэт-змагар вучыўся майстэрству ў Валянціна Таўлая, Міхася Васілька, Максіма Танка, Анатоля Іверса і ў іншых паэтаў Заходняй Беларусі.
Алесь Сучок ніколі не меціў у вялікія паэты, ды й пра гэта не думаў. Жывучы ў вёсцы, ён дасылаў свае творы ў раённы і абласны друк. І радаваўся кожнай публікацыі. Вершы яго друкаваліся таксама ў зборніках «Сцягі і паходні» (Мн., 1965), «Ростані волі» (Мн., 1990), «Золак над Шчарай» (Слонім, 1994). Яго бясхітрасныя радкі былі напоўнены шчырасцю, адкрытасцю і даверлівасцю:
Як жаўрука пачую спеў,
У захапленні стану:
Так прывітацца б з ім хацеў —
Рукою не дастану.
Калі мне бывала сумна і надакучвала гарадская мітусня, я ехаў да яго ў Азярніцу. Ён радаваўся сустрэчы. Ён любіў людзей і любіў жыць, яму заўсёды хацелася шчасця. Памятаю, у 1990-х гадах, калі быў дэфіцыт мэблі, ён, як ветэран вайны, купіў у вясковай краме для мяне кніжную шафу. Ён мне пажадаў, каб я напісаў і выдаў столькі добрых кніг, каб былі запоўненыя ўсе паліцы гэтай шафы. Тая азярніцкая мэбля і цяпер стаіць у маім пакоі гарадской кватэры. На яе паліцах месцяцца не толькі мае кнігі, але і кнігі іншых беларускіх пісьменнікаў і гісторыкаў.
Чатыры гады таму я сабраў вершы Алеся Сучка і выдаў асобнай кніжачкай у Мінску. Зборнік назваў “Захацелася шчасця”. І цяпер на паліцах шафы стаіць і паэтычны зборнічак Алеся Сучка — як успамін пра гэтага шчырага вясковага паэта і добрага чалавека. А 7 кастрычніка яму спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння.
Пеця Дабрыян (паэт Алесь Сучок) у польскай турме, 1934 г.
Алесь Сучок (злева) з землякамі на Слонімшчыне, 1940-я гады
Алесь Сучок актыўна займаўся пчалярствам
Алесь Сучок з сям’ёй, 1980-я гады
Алесь Сучок у Азярніцы, 1980-я гады
Алесь Сучок
Вокладка зборніка Алеся Сучка
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара