100 гадоў таму быў заснаваны Інстытут беларускай культуры



Інбелкульт быў заснаваны па ініцыятыве вядомага беларускага навукоўца Сцяпана Некрашэвіча, які і стаў першым кіраўніком гэтай установы. Сама ж яна была адным з галоўных лакаматываў таго часу, які рухаў беларускую культуру і навуку наперад.

У складзе Інбелкульту дзейнічалі разнастайныя камісіі. Яны займаліся вывучэннем і развіццём гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, антрапалогіі, мовазнаўства, мастацтвазнаўства, краязнаўства, геалогіі, геаграфіі ды іншых навуковых дысцыплін.

Правадзейнымі сябрамі гэтай установы ў розны час былі вядомыя беларускія культурніцкія дзеячы і навукоўцы: Яўхім Карскі, Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Аркадзь Смоліч, Зміцер Жылуновіч, Язэп Дыла ды многія іншыя.

Менавіта на базе Інбелкульту ўвосень 1926 года адбылася знакамітая канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу, якая сабрала не толькі знаных беларусаў замежжа, але і вядомых навукоўцаў.

У 1929 годзе Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук Беларусі.

budzma.org