100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Крукоўскага



16 лістапада спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Крукоўскага (1923- 2013) — вучонага-філосафа, эстэтыка, культуролага, педагога, аўтар шматлікіх манаграфій і дапаможнікаў па праблемах эстэтыкі, культуралогіі, станаўлення нацыянальнай самасвядомасці, узаемаадносін культуры і суверэнітэту беларускага народа.

Мікалай Крукоўскі нарадзіўся 16 лістапада 1923 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Машкова Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. З 1938 года з сям’ёй жыў на хутары Карабіна Машкоўскага сельсавета (цяпер знішчаны), дзе бацькі атрымалі зямельны надзел згодна з вядомай прышчэпаўскай рэформай. У 1938 годзе сям’я пераехала ў Воршу, дзе ў 1940 Мікола скончыў 2-ю сярэднюю школу. У 1940 годзе паступіў на першы курс Віцебскага Ветэрынарнага інстытута, адкуль у верасні 1941-га добраахвотнікам пайшоў на фронт. А ў кастрычніку трапіў у акружэнне — сумнавядомы Вяземскі кацёл. Пасля трох няўдалых спробаў вырвацца адтуль апынуўся ў палоне. Збегшы з палону, вярнуўся ў Воршу, дзе ў 1942 годзе знайшоў сцяжыну ў партызанскую брыгаду Заслонава — заняў там пасаду камандзіра аддзялення, пазней стаў начальнікам штаба атрада. 5 снежня 1943 года быў цяжка паранены ў баі і 20 красавіка самалётам перапраўлены на лячэнне ў савецкі тыл. Пасля шпіталю некаторы час сядзеў у спецлагеры НКВД №140 у Калініне з прычыны гэтак званай дзяржспецправеркі. Неўзабаве вярнуўся ў Воршу.

У 1945 годзе Мікалай Крукоўскі паступіў на першы курс філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыў універсітэт з купалаўскай стыпендыяй і дыпломам з адзнакай у 1950 годзе. Па ініцыятыве Кандрата Крапівы, насуперак рашэнню камісіі Міністэрства адукацыі накіраваць яго (па размеркаванні) на працу ў сельскую школу Баранавіцкага раёна, быў залічаны ў Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук БССР у якасці малодшага навуковага супрацоўніка. У 1956 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па лінгвістыцы і выдаў манаграфію «Рускі лексічны ўплыў на сучасную беларускую літаратурную мову».

Аднак тэма чарговай, доктарскай, дысертацыі па праблеме ўзаемадзеяння блізкароднасных моў у абставінах развітога сацыялізму, прапанаваная дырэкцыяй інстытута, не задавальняла Крукоўскага з-за празмерна палітызаванай накіраванасці, і ён пачаў інтэнсіўна займацца эстэтыкай і філасофіяй, што яго моцна цікавіла яшчэ ў БДУ. У 1963 годзе, увогуле адмовіўшыся ад дысертацыі, перайшоў на працу ў БДУ на кафедру гісторыі філасофіі, логікі і эстэтыкі.

У 1994 годзе за чытанне лекцый на беларускай мове Мікалай Крукоўскі быў звольнены з БДУ і адпраўлены на пенсію. Пазней, аднак, яго запрасілі на працу ў Беларускі інстытут культуры на пасаду прафесара кафедры філасофіі, і там ён напісаў яшчэ манаграфіі «Філасофія культуры (уводзіны ў тэарэтычную культуралогію)» і «Бляск і трагедыя ідэалу».

За ўсе часы апублікаваў каля 150 артыкулаў на навуковыя і грамадскія тэмы, выдаў шмат кніг. Актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю (быў старшынёю пазней распушчанай урадам Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі, з’яўляецца сябрам сойму Беларускай кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ).

Беларускае Радыё Рацыя