100 гадоў з дня нараджэння Міколы Ермаловіча
Беларускі гісторык, літаратуразнавец, грамадскі дзеяч, пісьменнік Мікола Ермаловіч нарадзіўся 29 красавіка 1921 года ў вёсцы Малыя Навасёлкі (цяпер Койданаўскі раён). У 1938 годзе скончыў Койданаўскую сярэднюю школу і паступіў на беларускае аддзяленне літаратурнага факультэту Мінскага педінстытуту. Там да пачатку Другой сусветнай вайны скончыў тры курсы. З прычыны дрэннага зроку вызвалены ад службы ў савецкай арміі. Быў эвакуяваны, працаваў настаўнікам расейскай мовы і літаратуры ў вёсцы Лабаскі, што ў Мардовіі. У 1943 годзе вярнуўся ў Беларусь, амаль два гады працаваў настаўнікам у Суражы Віцебскай вобласці. У 1944-46 гг. зноў жыў у Койданаве. Пасля аднавіў навучанне ў педінстытуце, які скончыў у 1947 годзе, а потым вучыўся ў аспірантуры пры ім.
У 1948-55 гадах Мікола Ермаловіч працаваў старэйшым выкладчыкам беларускай літаратуры ў Маладэчанскім настаўніцкім інстытуце. Загадваў метадычным кабінетам абласнога інстытуту ўдасканалення настаўнікаў, пасля чаго па стане здароўя выйшаў на пенсію. Быў сябрам Саюзу беларускіх пісменнікаў, жыў стала ў Маладэчне, а ў Мінск ездзіў у архівы. Друкаваўся з 1948 года, выступаў ў друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладэчанскай раёнцы, альманаху “Нарач”, газетах “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, “Голас Радзімы”, часопісах “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць”, навуковых зборніках. У 1963 годзе Ермаловіч пачаў выдаваць рукапісны часопіс “Падснежнік”.
Будынак былога настаўніцкага інстытута ў Маладэчне, дзе выкладаў Мікола Ермаловіч ў 1948-55 гадах.
У гэтым доме на трэцім паверсе справа жыў Мікола Ермаловіч
Вынікам ахвярнай даследніцкай працы стала напісанне ў 1968 годзе кнігі “Па слядах аднаго міфа” (доўгі час хадзіла самвыдатам, афіцыйна выйшла толькі ў 1989-ым). Гэтая кніжка стала легендарным выданнем. У 1970 годзе выйшла кніга “Дарагое беларусам імя”, у 1990-ым – даследаванне “Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды”, у 1994-ым – “Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд”, у 2000-ым – “Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае”. Гэтыя кнігі вярнулі беларусам сваю сярэднявечную гісторыю. Працы Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фармаванне сучаснай грамадскай думкі і гістарыяграфіі Беларусі. У 1975 годзе Ермаловіч узнаўляе выпуск “Падснежніка”, але з новым назовам “Гутаркі”, да 1976-га выйшла каля 50 выпускаў. “Гутаркі” шматразова перадрукоўваліся, перапісваліся, распаўсюджваліся сярод беларускай інтэлігенцыі. Яны выдаваліся пад псеўданімам Сымон Беларус. У сваім выданні Ермаловіч змяшчаў творы, што не маглі быць апублікаваныя ў афіцыйным друку з прычыны сацыяльнай і палітычнай скіраванасці. Аўтар рыхтаваў матэрыялы ў Мінску, друкаваў у Маладэчне, а потым перадаваў Яўгену Куліку для памнажэння. Нумар выходзіў прыкладна раз на тыдзень.
Мікола Ермаловіч – гэта чалавек, які вяртаў беларусам памяць пра сярэднявечную гісторыю і спадкаемнасць ад ліцвінаў. Але ён быў не толькі выдатным навукоўцам-даследнікам. Калі прыйшла перабудова, актыўна падтрымаў адраджэнцкую дзейнасць. Браў удзел у першым з’ездзе БНФ у 1989 годзе ў Вільні. Крыху пазней прыняў прапанову кіраўніцтва Нацыянал-дэмакратычнай партыі Беларусі і стаў адным з трох яе сустаршыняў, быў ідэолагам нацыянальнага руху, пра што амаль нідзе нават не згадваецца.
Памёр Мікола Ермаловіч пасля таго, як трапіў пад машыну ў Мінску 5 сакавіка 2000 года. Пахаваны ў Маладэчне. У гэтым горадзе ёсць памятны знак, усталяваны ў 2003 годзе. У 2010 годзе выйшаў збор твораў “Выбранае”.
Беларускае Радыё Рацыя, фота з архіваў Міхася Казлоўскага і Алеся Капуцкага