100-гадовы юбілей Віктара Роўды



Сярод таленавітых людзей Гарадзеншчыны, якіх падаравала нам смаргонская зямля, імя Віктара Роўды (1921-2007) стаіць асобна. Яму 10 лістапада споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэння.

Выдатны харавы дырыжор,  кандыдат мастацтвазнаўства (1956), прафесар Беларускай акадэміі музыкі, народны артыст Беларусі (1978), народны артыст СССР (1990), а  з 1965 года — нязменны кіраўнік і дырыжор хору Беларускага тэлебачанння і радыё. Але лёс гэтага знакамітага сёння чалавека быў дастаткова цяжкім, і шлях да вяршынь мастацтва патрабаваў ад маэстра шмат сіл і здароўя.

Радавод сям’і Віктара Роўды, яго карані належаць Нарачанскаму краю. Бацькі музыканта былі родам з Мядзельшчыны: бацька з вёскі Замошша, маці з вёскі Даўжані. Па ўспамінах спадара Віктара, у тых краях было столькі сем’яў з аднолькавымі прозвішчамі Роўда, што нават, калі некаторыя маладыя бралі шлюб, дык прыходзілася даказваць, што яны не даводзяцца адзін аднаму раднёй. I сёння ў многіх вёсках Мядзельшчыны сустракаюцца нашчадкі, відаць, некалі вялікага старажытнага роду.

Пасля Першай сусветнай вайны сям’я Роўдаў пераехала ў Смаргонь,  дзе ў 1921 годзе нарадзіўся будучы музыкант. У 1922 годзе бацька Віктара Роўды стаў дыяканам, потым — свяшчэннікам. Таму невыпадкова, што Віктар Роўда з маленства з вялікай пашанай і любоўю ставіўся да царкоўнай музыкі, добра ведаў праваслаўныя абрады, а галоўнае — з дзяцінства дасягнуў на практыцы сутнасць, спецыфіку духоўных харавых спеваў.
3 пяці гадоў Віктар Роўда пачаў займацца музыкай. Ён не толькі спяваў у царкоўным хоры, але і іграў на многіх музычных інструментах — скрыпцы, мандаліне, балалайцы і іншых. У дзевяць гадоў бацькі вырашылі аддаць сына ў духоўную семінарыю ў Вільню. Навучанне ў Вільні было вельмі карысным для наступнага фарміравання асобы музыканта-прафесіянала, які вывучаў шмат гуманітарных дысцыплін, музычных прадметаў, меў магчымасць выступаць з царкоўным хорам, які славіўся на ўвесь горад. За чысціню і хараство голасу «залётным салавейкам» ласкава называлі ў хоры маладога беларускага спевака.

Віктар Роўда атрымаў добрую і разнастайную адукацыю. Дастаткова сказаць, што акрамя Літоўскай кансерваторыі, ён скончыў медыцынскі факультэт Вільнюскага універсітэта. Але музыка перамагла. Асабліва гэта стала відавочна пасля знаёмства з Рыгорам Шырмам. Ужо ў той час Рыгор Шырма быў дастаткова вядомым чалавекам сярод свядомай беларускай інтэлігенцыі. У Вільні Рыгор Шырма вёў актыўную культурна-асветную і літаратурна-публіцыстычную дзейнасць: стварыў хор віленскіх студэнтаў, арганізоўваў вечары славянскай песні, працаваў сакратаром галоўнай управы Таварыства беларускай школы, прымаў удзел у рабоце газеты «Наша воля» і г. д. Яшчэ семінарыстам Віктар Роўда спяваў у хоры Шырмы, а потым доўгія гады быў у цесных сяброўскіх адносінах. Спевы пад кіраўніцтвам будучага «бацькі беларускай капэлы» з’явіліся для музыканта Роўды добрай прафесійнай школай.

Дзевяць гадоў Віктар Роўда працаваў у Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле БССР, якой кіраваў Рыгор Шырма, хормайстарам і дырыжорам. Адначасова Роўда выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Быў загадчыкам кафедры харавога дырыжыравання.

Віктар Роўда выхаваў шэраг таленавітых харавых дырыжораў. Каларытнасць яго асобы, высокі прафесіяналізм прама ці ўскосна ўплываюць на сённяшніх музыкантаў.  Энцыклапедычныя веды ў галіне гісторыі і тэорыі музыкі, эстэтыцы, лацінскай этымалогіі музычных катэгорый і тэрмінаў, у галіне гісторыі харавога еўрапейскага мастацтва заўсёды вылучалі і вылучаюць Віктара Роўду, таму ён быў і застаецца вялікім аўтарытэтам у галіне музычнага мастацтва.

Сярод шматграннай дзейнасці маэстра не апошняе месца займае навуковая праца. Вось толькі некаторыя публікацыі і навучальныя дапаможнікі, па якіх і сёння вучацца беларускія студэнты: «Хрэстаматыя па чытанню харавых партытур» (Т. 1-2, 1971-74), «Хрэстаматыя па беларускай харавой опернай літаратуры» (1975),  зборнікі «Харавыя канцэрты” (1980, 1982, 1984),  «Хары беларускіх кампазітараў на вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа»  (1982), “Харавы вянок” (1985).

3 1965 года Віктар Роўда з’яўляўся кіраўніком і галоўным дырыжорам Акадэмічнага хору Беларускага тэлебачання і радыё. Практычна ўсе лепшыя харавыя творы беларускіх кампазітараў былі выкананы гэтым слаўным калектывам.  Калектыў актыўна выконваў і папулярызаваў творы не толькі сталых беларускіх кампазітараў, але і аўтараў сярэдняга і малодшага пакаленняў.

Прозвішча Віктара Роўды занесена ў музычную энцыклапедыю ЗША, у 18-томную “Беларускую энцыклапедыю”, ён узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, царкоўнымі ордэнамі князя Уладзіміра, Сергія Раданежскага, Данііла Маскоўскага, польскім ордэнам Марыі Магдаліны.

Ён з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Смаргоні. Яго імем названа вуліца ў Смаргоні.

Беларускае Радыё Рацыя