100-годдзе УНОВІСа ў Віцебску



Віцебск урачыста, шматлікімі мерапрыемствамі адзначыў 100-годдзе УНОВІСа – авангарднага мастацкага аб’яднання, якое ў 1920 годзе стварыў славуты Казімір Малевіч. З нагоды гэтага юбілею Віцебскі мастацкі музей адкрыў выніковую выставу мастацкага праекта «Фармат».

Кажа дырэктар музея Вольга Акуневіч:

– Так было і задумана, менавіта на гэты дзень, таму што нават калі ў 1917 годзе паўстаў гэты праект, то ён быў прымеркаваны менавіта вось да гэтых стогадовых юбілеяў у гісторыі Віцебскай мастацкай школы. І таму планавалася, што выніковым праектам „Фармата” будзе праект, прымеркаваны да 100-годдзя УНОВІСа.

Мастак, удзельнік праекта «Фармат» Міхаіл Ляўковіч лічыць, што традыцыі Марка Шагала і Казіміра Малевіча ў Віцебску не павінны знікаць:

– Яна сведчыць аб тым, што тут, у Віцебску, пульсуе жыццё. Мастацкае жыццё, даволі цікавыя адкрыцці. Я лічу, што ўвогуле ў мастацтве нельга стаяць на месцы, трэба ісці насупраць ветру, трэба плыць супраць цячэння для таго, каб дабрацца да крыніцы. Нельга ісці наперад, павярнуўшы галаву назад. А гэты праект – як раз сведчанне таго, што наперадзе нас чакаюць новыя гарызонты.

Да 100-годдзя УНОВІСа ў Віцебскім мастацкім музеі адкрыліся таксама эксперыментальныя выставы віцебскіх мастакоў Галіны Васільевай і Аляксандра Малея, а таксама выстава памяці Аляксандра Дасужава.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя