105 гадоў з дня нараджэння аўтара „Непакорных”
Беларускі паэт Міхась Кавыль нарадзіўся 1 снежня 1915 года ў вёсцы Покрашава Слуцкага павету (цяпер Слуцкі раён). Сапраўднае яго прозвішча Язэп Лешчанка. Паходзіў з сялянскай сям’і. Акрамя Міхася ў сям’і было чацвёра дзяцей. Бацька Казімір Лешчанка загінуў у час Першай сусветнай вайны. Язэп вучыўся ў Грэскай сямігодцы, пасля ў Грозаўскай, а потым зноў у Грэскай, якую скончыў у 1930 годзе. У 1930-33 гадах вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме імя Усевалада Ігнатоўскага ў Мінску. 23 лютага 1933 году арыштаваны і асуджаны на 3 гады зняволення па справе “Беларускай народнай Грамады”. Зняволенне адбываў на Далёкім Усходзе (4-е аддзяленне Дальлагу). У 1935 годзе вызвалены. Пасля вызвалення вярнуўся дадому, але неўзабаве з-за пераследу НКВД з’ехаў з радзімы. У 1935-41 гадах жыў у расейскім Варонежы, дзе вучыўся ў педагагічным інстытуце, працаваў на машынабудаўнічым заводзе “Камінтэрн”, настаўнічаў.
З пачаткам Другой сусветнай вайны быў на тэрыторыі СССР на Украінскім фронце. У 1942 годзе трапіў у палон, у 1943 годзе выпушчаны на волю, вярнуўся ў Мінск. Скончыў прапагандысцкія курсы ў Вустраве пад Берлінам, на якіх рыхтавалі будучых кіраўнікоў Саюзу беларускай моладзі, працаваў у аддзеле прапаганды ў Мінску.
З 1944 году Кавыль на эміграцыі ў Нямеччыне, Бельгіі, дзе працаваў на шахтах. У 1950 годзе пераехаў ў ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рыверы. Рэдактар першых трох нумароў газеты “Беларуская трыбуна”, потым рэдактар не пазначаўся. У 1950-ых гадах браў актыўны ўдзел у працы Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі (БККА). Быў віцэ-старшынём на Першым Кангрэсе беларусаў Амерыкі (11 лютага 1951 году). З падвоенага № 27-28 (1983) быў сталым рэдактарам часопісу “Беларуская думка”, аднак, праз праблемы са здароўем рэдактарскія функцыі перайшлі да друкара і выдаўца часопісу Ж. Навумчыка. Супольна з Янкам Золкам у 1958 годзе рэдагаваў літаратурна-мастацкі часопіс “Прыйсьце”.
Беларускія пісьменнікі Юрка Віцьбіч, Уладзімір Сядура, Міхась Кавыль
Друкавацца Міхась Кавыль пачаў з 1929 году, быў сябрам легендарнага “Маладняка”. Друкаваў вершы, прозу, крытычныя артыкулы амаль ва ўсіх эмігранцкіх газэтах і часопісах, выдаў зборнікі паэзіі “Росстань”, “Пад зорамі белымі”, “Першая рана”, “Цяжкія думы”, а таксама том выбранага “Міжагнёўе” (1990 год). Шырока выкарыстоўваў класічныя формы верша, першы ў беларускай літаратуры стварыў вянок і карону санетаў (“Цяжкія думы”, “Мярэжа”, “Чорны лёд”). Тэматыка і праблематыка яго творчасці найперш звязана з Бацькаўшчынай, яе гісторыяй, мовай, культурай (вершы “Росстань”, “Беларусь”, “Беларусь б’е ў сэрцы”, “Я душу нявыгойна параніў”, “Менск”, “Сакавіковая ноч”, “Дзень той прыйдзе”, “Кастусь Каліноўскі”, “Бэнгалія”, “Край красы”, “Случчына”, “Пагоня”, “Прытокаю Случы”, “Случчакі”, “Памяці герояў”, “Сыны Беларусі”, “Слаўны мой род” і інш.).
Сям’я Міхася Каваля
Ім напісаны цыкл турэмных вершаў, а таксама вершы, прысвечаныя рэпрэсаваным беларускім пісьменнікам, сябрамі, з якімі разам падзяляў пакуты выгнання. У глыбока змястоўных паэмах “Пад небам Случчыны каханай”, “Міжагнёўе”, “Непакорныя” апісаў лёс свайго пакалення і лёс Бацькаўшчыны. Займаўся перакладамі, пісаў публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, рэцэнзіі, апавяданні. У аўтабіяграфічным рамане “Із агню ды ў полымя” паказаў падзеі вайны на акупаванай Беларусі.
Памёр Міхась Кавыль 6 красавіка 2017 года ў Саўт-Рыверы, яму быў 101 год. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.
Беларускае Радыё Рацыя