11 таленавітых акторак, якіх дала Беларусь кінематографу
Беларускае Радыё Рацыя прапануе чытачам агляд прысвечаны ведамым акторкам, якія нарадзіліся ў Беларусі і пакінулі прыкметны след у кінематографе.
Стэфанія Станюта. Нарадзілася ў 1905 годзе ў Менску ў сям’і ведамага мастака Міхаіла Станюты. Стэфанія вучылася ў царкоўна-прыходскай школе, пасля ў Менскай жаночай урадавай гімназіі. Цікава, што ў дзяцінстве яна трапіла на афіцыйную сустрэчу расейскага цара Мікалая ІІ з “беларускім народам”.
З 1918 году Станюта працавала ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі Фларыяна Ждановіча на базе якога быў створаны першы Беларускі дзяржаўны тэатр. У 1926-ым Станюта скончыла беларускую драматычную студыю пры МХАТ. На яе базе ў Віцебску быў створаны тэатр (цяперашні тэатр імя Якуба Коласа), дзе акторка працавала да 1932 году. Далей і ажно да канца жыцця Станюта працавала ў Беларускім драматычным тэатры імя Янкі Купалы ў Менску. У яе спісе больш 200 роляў. У вайну разам з трупай была ў Адэсе і Томску.
У кіно Стэфанія Станюта дэбютавала ў 1958-ым. Адзначылася ў 74-х фільмах. Здымалася ў такіх рэжысёраў як Элем Клімаў, Ларыса Шапіцька, Леанід Нячаеў, Віктар Тураў. Стварыла ў кіно незабыўныя вобразы беларускіх жанчын – спагадлівых, чуллівых, ласкавых. Стэфанія Станюта – гонар беларускага тэатру і кіно. Актрыса мела і прынцыповую грамадзянскую пазіцыю – прыкладам у1986-ым была сярод 28 прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі, якія падпісалі зварот супраць дыскрымінацыі беларускай мовы і прапанавалі захады дзеля паляпшэньня яе стану.
Памерла Станюта ў 2000-ым годзе ў веку 95 гадоў, пахаваная ў Менску на Ўсходніх могілках. У яе гонар у Менску на доме па праспекце Незалежнасці, дзе жыла акторка, усталявана мемарыяльная шыльда. А “Белпошта” да 100-ых угодкаў Станюты выпусціла адмысловую марку. Сын Станюты – Аляксандр быў ведамым літаратуразнаўцам, а яе праўнучка – Меліціна – тытулаваная беларуская гімнастка.
Яніна Жэйма. Нарадзілася ў 1909 годзе ў Ваўкавыску ў сям’і цыркавых артыстаў. З трох гадоў выступала ў цырку як гімнастка, вершніца і музычны эксцэнтрык. Працавала на эстрадзе. З 1925-га яе сталі здымаць у кіно, стала акторкай кінастудыі “Ленінградфільм”. У час другой сусветнай вайны была ў блакадным горадзе на Няве.
Шырокую папулярнасць Яніне Жэйме прынесла роля Папялушкі ў аднайменным фільме. Прычым выконвала гэтую ролю дзяўчынкі акторка, калі ёй было ўжо 37 гадоў. Акторка мела дзіцячы целасклад і была вельмі маленькага росту, што вызначала яе сцэнічнае і кіношнае амплуа травесці.
Жэйма знялася больш чым у 30 кінастужках, аднак запомнілася найперш у адной з апошніх роляў – згаданай Папялушкі. Акторка была тройчы замужам. Першым мужам быў актор Андрэй Кастрычкін, другім – знакаміты рэжысёр Іосіф Хейфіц (які, дарэчы, нараджэнец Менску). Разам з апошнім мужам – польскім рэжысёрам Лявонам Жано – пераехала ў Польшчу ў 1957-ым годзе. Пасля гэтага пераважна жыла ў Варшаве, але часта бывала ў СССР. У 1980-ых пераехала ў Маскву.
Памерла Яніна Жэйма ў 1987-ым у Варшаве. Паводле тастаманту труна з целам была перавезена ў Маскву і пахавана на Вастракоўскіх могілках.
Галіна Макарава. Нарадзілася па дакументах у 1919-ым годзе (фактычна, хутчэй усяго ў 1916-ым) ў мястэчку Старобін (цяпер у Салігорскім раёне). Нямногія ведаюць, што сапраўднае прозвішча акторкі Агата Чаховіч. Прычынай такой змены імя стала біяграфія бацькі. Клімент Чаховіч служыў афіцэрам царскага войска, пазней за гэта быў рэпрэсаваны сталінскім рэжымам. У шаснаццаць год прыехала ў Менск, шлях на тэатральныя прыступкі быў няпростым. Дзяўчына пад прозвішчам маці Апанашчык паралельна з тэатральнымі заняткамі захаплялася спортам – кіданнем дзіды, мотакросам (станавілася нават чэмпіёнкай Беларусі!), конным спортам, а таксама вышываннем. У 1939-ым акторка выйшла замуж і ўзяла прозвішча мужа, з якім пераехала ў Маскву. У 1944-ым пасля разводу вярнулася ў Менск, дзе зноў пачала граць у Беларускім тэатры імя Янкі Купалы. Мела поспех у п’есах Андрэя Макаёнка.
У кіно Макарава трапіла дастаткова позна – у 1958-ым годзе. Знялася больш чым у 80 кінастужках. Найбольш ведамыя з іх – “Удовы”, “Альпійская балада”, “Супрацьстаянне”, “Белыя росы”. Стварыла ў многіх стужках “класічны” вобраз беларускай спагадлівай жанчыны, ахвярнай маці ці бабулі.
Галіна Макарава памерла ў 1993 годзе на сваім лецішчы пад Менскам. Пахавана ў беларускай сталіцы на Усходніх могілках. На доме, што стаіць на Плошчы перамогі ў яе гонар усталявана мемарыяльная дошка. Белпошта ў 2009 годзе выпусціла паштовую марку з выявай акторкі.
Людміла Шагалава. Нарадзілася ў 1923 годзе ў Рагачове. Бацька быў ваенным, калі малой было толькі два з паловай гады, памерла маці. У 1928 годзе бацька пераведзены з Рагачова ў Маскву. У 1941 годзе эвакуявана ў Чалябінск, працавала там на трактарным заводзе. У 1943-ім Шагалава вярнулася ў Маскву, паступіла ў прэстыжны Ўсесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі, вучылася ў майстэрні Сяргея Герасімава. Амаль усё творчае жыццё працавала ў Тэатры-студыі кінаактора.
У кіно Шагалава дэбютавала 14-гадовай дзяўчынкай у фільме знакамітага Якава Пратазанава “Сямікласнікі”. Знялася больш чым у пяцідзесяці кінастужках. Сярод іх такія вядомыя фільмы як “Жаніцьба Бальзамінава”, “Казка пра згублены час”, “Востраў скарбаў”, “Падранкі”, “Ня можа быць!”, “Вусаты нянь”, “Дзе знаходзіцца нофелет?” ды іншых.
Людміла Шагалава памерла ў Маскве ў 2012 годзе пасля працяглай хваробы, пахавана на Перапечынскіх могілках побач з мужам, кінааператарам Вячаславам Шумскім.
Пола Ракса. Нарадзілася ў 1941 годзе ў Лідзе. У 1943-ім у час вайны сям’я выехала з СССР і пасялілася ў мястэчку Лесніца каля Ўроцлава. У польскім кіно Ракса дэбютавала ў 1960-ым годзе ў фільме “Шатан з сёмай клясы”. Потым было яшчэ некалькі стужак, сярод якіх варта вылучыць фільм Анджэя Вайды “Попел”.
У 1966-ым акторка стала здымацца ў надзвычай папулярным у Польшчы і СССР тэлесерыяле “Чатыры танкісты і сабака”, дзе грала ролю медсястры Марусі па мянушцы Агеньчык. Паралельна Ракса знялася на Рыжскай кінастудыі ў ваеннай драме “Накцюрн” – там была галоўная жаночая роля – таксама медсястры, але на гэты раз французскай па імені Івета. У наступным годзе акторка замацавала сваю папулярнасць галоўнай роляй у кінастужцы “Зося” і атрымала прыз на міжнародным маскоўскім фестывалі.
У 1968-ым Пола Ракса пераехала ў Варшаву і ажно да 1986 году працавала ў тэатры Współczesnym. У пачатку 1990-ых зышла з прафесіі і занялася модай, вяла адпаведную рубрыку пра моднае адзенне ў газеце „Rzeczpospolitа”.
Любоў Віралайнен. Нарадзілася ў 1941 годзе ў Барысаве. Сапраўднае яе прозвішча Уражэнка. У час другой сусветнай вайны разам з сям’ёй трапіла ў фашыстоўскі канцэнтрацыйны лагер. Маці ўдалося аддаць дзяцей чужым людзям. Яшчэ раней бацька загінуў на фронце. Яе маці адшукала сваіх дзяцей толькі пасля вызвалення з канцлагеру. Дзяцінства было трагічным і цяжкім, Люба зведала голад і нястачу. Пазней вучылася ў школе ў Смаленску. Скончыла студыю пры ленінградскім драматычным тэатры імя Горкага, пасля стала штатнай акторкай гэтага тэатру. З 1969-га была акторкай “Ленканцэрту”, з 1972-га – кінастудыі “Ленфільм”.
Яшчэ дзясяцікласніцай дзяўчына знялася ў кіно – гэта была невялікая роля ў стужцы “На пераломе”. А шырокую ведамасць у кіно Віралайнен здабыла пасля ролі ў фільме Сяргея Герасімава “Любіць чалавека”. Усяго ж у біяграфічным спісе акторкі больш паўсотні кінафільмаў. У кіно яна стварала пераважна вобраз лірычнай гераіні. Пасля доўгага перапынку зноў стала здымацца ў фільмах у 2002 годдзе. Першы муж памёр заўчасна, пасля чаго выйшла замуж яшчэ раз.
Ірына Рэзнікава. Нарадзілася ў 1953 годзе ў Менску. У 1976-ым скончыла Школу-студыю знакамітага Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра. Выступала на сцэне тэатра імя Маякоўскага ў Маскве, потым у Ленінградзе. У 1990-ых гадах разам з мужам-валейбалістам эмігравала ў Фінляндыю. Там знялася ў двух фільмах, пазней стварыла ўласную тэатральную студыю ў горадзе Варкаўс, дзе дагэтуль працуе як рэжысёрка.
Першай прыкметнай роляй Рэзнікавай у савецкім кіно стала кінастужка “Адпачынак у верасні” па п’есе драматурга Аляксандра Вампілава, дзе акторка грала каханку галоўнага героя ў выкананні Алега Даля. Запомнілася Рэзнікава гледачам і па ролі ў камедыі “Шалёны дзень інжынера Баркасава”, знятай па творах Міхаіла Зошчанкі. Усяго на рахунку акторкі 22 кінаролі.
Ірына Мазуркевіч. Нарадзілася ў 1958 годзе ў Мазыры. Прозвішча акторкі гаворыць само па сабе. У дзяцінстве займалася мастацкай гімнастыкай, а ў 15 гадоў паехала ў горад Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад), дзе паступіла ў тэатральную вучэльню.
Вядомасць да Мазуркевіч прыйшла пасля стужкі “Як цар Пётр арапа жаніў”, дзе партнёрам маладой актрысы быў Уладзімір Высоцкі. Менавіта ён паспрыяў выбару на галоўную жаночую ролю Мазуркевіч. Роля ж Настассі Бубянцовай у геніяльным фільме Эльдара Разанава “Пра беднага гусара замовіце слова”, дзе быў сабраны цэлы россып зорных актораў, прынесла Ірыне ўжо сапраўдную папулярнасць. Але, як не дзіўна пасля гэтага Мазуркевіч вельмі доўга не запрашалі ў кінастужкі. Усяго ж у біяграфіі акторкі каля 25 роляў. Больш яна працавала ў розных тэатрах. Была замужам за ведамым акторам Анатолем Равіковічам, але ў 2012 годзе аўдавела. Жыве ў Пецярбургу.
Ганна Лягчылава. Нарадзілася ў 1969 годзе ў Менску ў сям’і ведамага паэта-песенніка Аляксандра Лягчылава. Скончыла ў Менску Тэатральную акадэмію, потым Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Расеі. Здымацца ў кіно пачала ў 1994 годзе, спярша адзначылася ў шэрагу стужак “Беларусьфільма”. У 1998-ым выканала галоўную жаночую ролю ў камедыйнай меладраме “Скрыжаванне”, дзе гучалі песні Андрэя Макарэвіча.
Акторку ахвотна здымаюць у кіно розныя расейскія рэжысёры. Усяго на рахунку Лягчылавай ужо больш сарака роляў рознага фармату. Грае яна таксама ў спектаклях Маскоўскага тэатра імя Пушкіна. У 2003-ім дэбютавала як рэжысёрка стужкай “Смак забойства”. Замужам за ведамым расейскім акторам Ігарам Бочкіным. Жыве ў Маскве.
У канцы згадаем яшчэ пра пару акторак “новай генерацыі”, якія дастаткова часта апошнім часам з’яўляюцца на экране.
Вольга Фадзеева. Нарадзілася ў 1978 годзе ў Менску. Бацькі былі артыстамі балету. Аднак Вольгу не прынялі ў харэаграфічную вучэльню і яна паступіла ў тэатральны ліцэй. Пазней паступіла ў Беларускую акадэмію мастацтваў, у гэты ж час здымалася ў музычных відэакліпах. Потым трапіла ў трупу Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Першай эпізадычнай роляй у кіно стаў удзел у стужцы “Зорка Венера”.
Шырокую папулярнасць акторцы прынеслі здымкі ў расейскім серыяле “Салдаты”, дзе Фадзеева грала ролю медсястры вайсковай часткі Ірыны. Апошнія гады здымаецца ў розных расейскіх кінастужках. Замужам за прадусарам і пастаноўнікам трукаў Аляксандрам Самахвалавым.
Ірына Мядзведзева. Нарадзілася ў 1982 годзе ў Бабруйску. Скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў у Менску. Працавала акторкай Тэатра Беларускай Арміі. У кіно дэбютавала ў 1999-ым эпізадычнымі ролямі. Шырокую папулярнасць здабыла ўдзелам у тэлевізійным скетч-шоў “6 кадраў”, дзе вызначылася стварэннем разнастайных жаночых вобразаў.
Мядзведзева ведамая таксама талентам у выкананні рамансаў, за што атрымала некалькі ўзнагародаў. У спісе акторкі каля 25 кінароляў. Замужам за спеваком Русланам Аляхно, з якім то разводзілася, то зноў зыходзілася.
Беларускае Радыё Рацыя