11 унікальных архітэктурных помнікаў Гарадзеншчыны, якія гінуць
Прадстаўляем 11 помнікаў архітэктуры на тэрыторыі Гарадзеншчыны, якія разбураюцца і чакаюць адбудовы ці хоць бы кансервацыі. Адразу заўважым, што руіны славутага Наваградскага замку, ад якога амаль нічога не засталося праз стагоддзі, пакідаем “за дужкамі”. Гутарка пойдзе пра аб’екты, аднаўляць якія ў той ці іншай ступені рэальна.
Крэўскі замак. На тэрыторыі сучаснага Смаргонскага раёну. На моцных і трывалых падмурках (аўтар асабіста меў магчымасць іх ацаніць у час капання археалагічных шурфоў) захаваліся руіны замку 14 стагоддзя. У гэтым замку была падпісана Крэўская дынастычная ўнія паміж ВКЛ і Польшчай, паводле якой Ягайла стаў каралём Польшчы. У сутарэннях замку быў забіты князь Кейстут. Значныя разбурэнні замак зазнаў у час бамбардавання і ў першую сусветную вайну.
Гальшанскі замак. На тэрыторыі сучаснага Ашмянскага раёну. Рэшткі замку 16-17 ст. пабудаванага яшчэ Паўлам Сапегам. Быў амаль разбураны саветамі пасля другой сусветнай вайны. Доўгі час у замку быў кароўнік. Разбурэнні помніка вельмі значныя. Цяпер руіны нібыта ўзяты пад ахову.
Барунскі манастыр. На тэрыторыі сучаснага Ашмянскага раёну. Манастырскі корпус пабудаваны ў 1778-93 гадах. У пачатку 19-га стагоддзя тут працавала 6-класная школа базыльянаў, якая сталася сапраўдным адукацыйным цэнтрам, адным з найбуйнейшых свайго часу. У 1920-22 гадах тут дзеіла беларуская настаўніцкая семінарыя, дырэктарам якой быў Сымон Рак-Міхайлоўскі. Яшчэ нядаўна ў былым манастыры жылі людзі, зараз ён разбураецца, вокны і дзверы павыбіваныя.
Сядзіба ў Шчорсах. На тэрыторыі сучаснага Наваградскага раёну. Сядзіба Храптовічаў і парк апошняй чвэрці 18 ст., які закладаўся Яўхімам Храптовічам. У канцы 19 – пач. 20 ст. сядзіба належала графу Буцянёву. Цяпер вялізная тэрыторыя сядзібы з рознымі пабудовамі знаходзіцца ў скрайне занядбаным стане. Мясцовыя жыхары пераўтварылі наваколлі ў сметнік.
Касцёл у Бераставіцы. У самым цэнтры Вялікай Бераставіцы. Касцёл Візітацыі Дзевы Марыі (пабудаваны каля 1615 г. па фундацыі Гераніма Хадкевіча). У 1741 па фундацыі Юрыя Мнішака адбылася перабудова, у 1794 пры касьцёле быў шпіталь, пабудаваны па фундацыі Ю. Патоцкай, у 2-й пал. 18 – 1-й пал. 19 ст. дзеіла школа. У касцёле захоўваўся абраз, які напісаў Францішак Смуглевіч. Пад касцёлам крыпта з дзевяці злучаных памяшканняў. У храме паводле тастаманту было пахаванае сэрца знакамітага палкаводца Яна Караля Хадкевіча.
Сядзіба ў Вердамічах. На тэрыторыі сучаснага Сьвіслацкага раёну. Сядзібныя пабудовы з капліцай і паркам канца 18-га – пачатку 19 стагоддзя. У парку, які займае тэрыторыю каля 12 га і абкружаны мурам, ажно 47 пародаў дрэваў. Асноўны палац згарэў у 1914 годзе. Належала роду Талочкаў. У савецкі час тут доўга быў спіртзавод. Мураваныя пабудовы зараз у аварыйным стане і разбураюцца, парк занядбаны.
Сядзіба ў Кашубінцах. На тэрыторыі сучаснага Гарадзенскага раёну. У 18-ым стагоддзі маёнтак быў уласнасцю езуітаў, пасля ліквідацыі ордэну па чарзе належаў родам Храптовічаў, Данкевічаў і Бачэйкаў. У апошніх уладальнікаў сядзіба была забрана за ўдзел у вызвольным паўстанні 1863-га. У міжваенны час маёнтак належаў нашчадкам Бачэйкаў – Блаўдзевічам. У савецкі час у драўляным доме-сядзібе доўгі час жылі людзі. Зараз яна пустуе.
Сядзіба ў Жыбартоўшчыне. На тэрыторыі сучаснага Дзятлаўскага раёну. Сядзіба роду Дамэйкаў (1819 год), тут прайшло дзяцінства Ігната Дамэйкі, філамата, нацыянальнага героя Чылі. Пазней у сядзібе жыў Леан Дамэйка, яго пляменнік, удзельнік паўстання 1863 году. З савецкага часу і да нядаўняга ў сядзібе месцілася лякарная ўстанова, яна была на балансе раённага шпіталю. Пару гадоў таму на доме абрынуўся дах. На жаль, будынак не ўнесены ў рэестр помнікаў архітэктуры і афіцыйна не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. На фота від будынка 15-гадовай даўніны.
Млын у Дварцы. На тэрыторыі сучаснага Дзятлаўскага раёну. Мясцовы муравана-драўляны млын канца 19-пачатку 20 стагоддзя, які належаў роду Пратасевічаў, быў адным з першых на Гарадзеншчыне і выконваў ажно 4 аперацыі. Была мясцовая дынастыя млынароў па прозвішчы Кветка. Ёсць легенда пра тое, што менавіта ў дварэцкім млыне была схованка ведамага арганізатара вызвольнага паўстання Міхала Валовіча. Ранейшыя дырэктар і старшыня калгасу дбалі пра помнік, быў адноўлены нават дах, але знайшлася зладзейская рука, якая падпаліла будынак. Пасля знішчальнага пажару больш да яго нікому справы няма.
Сінагога ў Крэве. Была пабудавана ў канцы 19-га ці ў пачатку 20-га стагоддзя. Будынак з чырвонай цэглы ў вельмі разбураным стане, хутчэй усяго ён ужо не падлягае адбудове. Аднак на паўразбураным фасадзе захавалася выява “Зоркі Давіда”.
Сінагога ў Індуры. Помнік архітэктуры 19-га стагоддзя. Паводле адной з версій пабудавана ў 1883-ім годзе, па іншых звестках – у 1885-ым. У мястэчку жыло больш 2 тысяч габрэяў. Адсюль такі вялікі і манументальны будынак сінагогі. Помнік у дастаткова добрым стане. Тут можна было б уладкаваць музей габрэйскага мястэчка Беларусі ці нешта падобнае.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара