110 гадоў з дня нараджэння Лукаша Калюгі



Беларускі літаратар, перакладчык Лукаш Калюга (сапраўднае прозвішча Канстанцін Вашына) нарадзіўся 27 верасня 1909 года ў вёсцы Скварцы Мінскага павету (цяперашні Дзяржынскі раён). Паходзіў з сялянскай сям’і. Быў яшчэ немаўляткам, калі памерла маці, так што гадавала яго незамужняя бацькава сястра. Калі ж памёр бацька, то ў прымы да цёткі прыйшоў брат Кастусёвай памерлай маці.

Яшчэ ў школе Кастусь захапляўся вельмі пашыранай у 1920-ыя гады краязнаўчай працай, запісваў народныя песні і іншыя фальклорныя творы сваёй мясцовасці, асабліва словы і звароты народнае мовы. Сабраныя матэрыялы адсылаў у Мінск у Інбелкульт, дзе яны атрымалі высокую ацэнку, як лепшыя з прысланых. У 1925 годзе скончыў Станькаўскую сямігодку. У 1926-ым паступіў у Магілёўскі педагагічны тэхнікум, але вучыцца не стаў, вярнуўся дадому. З 1928 года – студэнт мінскага Беларускага педагагічнага тэхнікума. Адначасна з вучобай рэдагаваў і перакладаў розныя тэксты для Белдзяржвыдавецтва, шмат пісаў. З траўня 1929 года – сябра літаратурнага аб’яднання “Узвышша”.

Дэбютаваў у друку апавяданнем “Вясна”, якое Кузьма Чорны ў чэрвені 1927 года змясціў у часопісе “Чырвоны сейбіт”. Кузьма Чорны так характарызаваў маладога творцу – “Богам дадзены талент”. Псеўданім Лукаш Калюга, верагодна, узяты ад вёскі, што ва Уздзенскім раёне Мінскай вобласці. У 1928 годзе часопіс “Узвышша” змясціў аповесць “Ні госць, ні гаспадар”, пасля якой пачаткоўца-пісьменніка прыкмеціў Максім Гарэцкі. У 1929 часопіс “Узвышша” надрукаваў шэраг апавяданняў Лукаша Калюгі. У часопісе “Полымя” за 1931 год надрукавана першая частка аповесці “Нядоля Заблоцкіх” – “Прыгоды і летуценні”. Пераклаў аповесць Пятро Панча “Блакітныя эшалоны” (разам з К. Чорным, 1930 год), раман Юрыя Алешы “Зайздрасць” (1931), раман Яраслава Гашака “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка” (1932).

У 1931 годзе Лукаш Калюга выключаны з тэхнікума як “узвышанскі лазутчык і пачынаючы нацдэм”. Са студзеня і да сярэдзіны 1932 года працаваў сакратаром часопіса “Книга массам”, які выдаваўся пры Белдзяржвыдавецтве, потым стыль-рэдактарам у Навукова-даследчым інстытуце прамысловасці ВСНГ (да канца 1932 года), на Беларускім радыё.

Арыштаваны Кастусь Вашына савецкімі карнымі органамі 24 лютага 1933 года ў Мінску. Засуджаны паводле пастановы калегіі ОГПУ СССР 4.11.1933 як “член контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі” да 5 гадоў савецкага канцлагера. Гэтая рэпрэсія была заменена ссылкай на 5 гадоў. Этапаваны на Урал, адбываў ссылку ў Ірбіце (цяпер Краснаярскі край, Расія). У ссылцы яшчэ працягваў пісаць; частка рукапісаў той пары захавалася (у іх ліку незавершаны раман “Пустадомкі”, апублікаваны ў 1990 годзе; аповесці “Дзе косці мелюць”, “Зоры Вам Вядомага горада”, “Утрапенне», апублікаваны ў 1989 годзе). У 1974 г. выйшаў зборнік апавяданняў і аповесцей “Ні госць, ні гаспадар”. У 1992 г. у серыі “Спадчына” быў выданы том твораў.

Зноў арыштавалі пісьменніка 6 лістапада 1935 года, паўторна засудзілі 22.2.1936 да 5 гадоў пазбаўлення волі. Расстраляны НКВД 5 кастрычніка 1937 года паводле прысуду Чалябінскага суда. Дакладную дату смерці, якая шмат дзе падаецца памылкова, высветліў беларускі даследчык сталінскага генацыду Леанід Маракоў. Рэабілітаваны Вашына судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР у 1956 годзе. 

Беларускае Радыё Рацыя