110 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Дудзіцкага



Беларускі паэт, празаік, публіцыст і перакладчык Уладзімір Дудзіцкі (сапраўднае прозвішча Гуцька) нарадзіўся 8 студзеня 1911 года ў вёсцы Дудзічы Ігуменскага павету (цяпер Пухавіцкі раён). Паходзіў ён з сялянскай сям’і. У 1927-ым годзе прыехаў у Менск, дзе скончыў сямігадовую школу, паступіў у сталічны педагагічны тэхнікум. Аднак адтуль, разам з іншымі быў выключаны як “нацдэм”.

Пры дапамозе Лукаша Калюгі і Уладзіміра Хадыкі ўладкаваўся на працу стыль-рэдактара ў газету “Савецкая Беларусь”. Пазней працаваў у выдавецтве БелАН, адначасна займаўся на падрыхтоўчых курсах пры БДУ. Пачаў вучыцца на літаратурна-лінгвістычным факультэце. Аднак быў арыштаваны “чэкістамі” у лютым 1933 года. У жніўні як “член контр­рэвалюцыйнай арганізацыі” і за “антысавецкую агітацыю” засуджаны да 3 гадоў савецкага канцлагеру. Зняволенне адбываў Новасібірску, Марыінску, Казахстане, Узбекістане.

Пасля дазволу вярнуцца ў Беларусь жыў у Віцебску. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, экстэрнам здаў экзамены за курс педінстытута. У 1939 годзе звольнены з педагагічнай работы рашэннем Віцебскага абкама КП(б)Б. Змушаны пакінуць Віцебск, а потым і Беларусь. Хаваўся ў Расеі. Напярэдадні вайны вярнуўся ў Беларусь.

У час нямецкай акупацыі Дудзіцкі жыў у Менску, Барысаве. Займаўся культурніцкай дзейнасцю, працаваў загадчыкам аддзела культуры Менскай гарадской управы (1941-42 гг.). Пазней – кіраўнік Барысаўскага акруговага аддзела Беларускай Народнай Самапомачы. Увайшоў у склад БЦР, узначаліў аддзел прапаганды Беларускай Краёвай Абароны. У час вайны маці Уладзіміра Дудзіцкага забілі савецкія партызаны.

Летам 1944 году выехаў у Германію. Далучыўся да Камітэта вызвалення народаў Расеі генерала Уласава і ўзначаліў прапаганду фармавання беларускіх аддзелаў пры арміі Уласава, скончыў курсы прапагандыстаў, працаваў на нямецкай радыёстанцыі “Вінэта”. Служыў у Міністэрстве прапаганды. Пасля капітуляцыі Германіі жыў у аўстрыяцкім Зальцбургу, у амерыканскай акупацыйнай зоне. Пасля перасяліўся ў Венесуэлу, дзе заснаваў Беларускі камітэт. Падтрымліваў сувязі з беларусамі, пісьменнікамі-эмігрантамі ў ЗША. Вёў актыўнае ліставанне з Юркам Віцьбічам. У 1950-пачатку 1960-ых – галоўны рэдактар беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленне” у Мюнхене.

З 1961-га Дудзіцкі ў ЗША, выкладаў расейскую мову ва ўніверсітэце Блумінгтана (штат Індыяна). Неўзабаве вярнуўся ў Венесуэлу. Сляды Дудзіцкага, вельмі цікавага і таленавітага чалавека, а таксама аматара жанчын і выпіўкі, губляюцца ў канцы 1970-ых. Паводле ўспамінаў яго жонкі Веры, верагодна, што ён не вытрымаў настальгіі, выехаў у 1972 годзе на радзіму і бясследна знік у СССР. Яніна Каханоўская лічыла, што ён выехаў у Аргенціну, дзе было шмат прасавецкіх эмігрантаў. Тыя яго напаілі і перадалі савецкім спецслужбам. Паводле ж меркавання літаратуразнаўца Лявона Юрэвіча, Дудзіцкі проста кінуў сям’ю дзеля чарговага захаплення жанчынай і чарговага пераезду ў іншую краіну.

У Беларусі Уладзімір Дудзіцкі па справе 1933-га году быў рэабілітаваны ў 1956 годзе. Першы зборнік творцы бясследна знік, хутчэй усяго спалены ГПУ. Другі збор паэзіі “Напярэймы жаданням” не быў выдадзены з-за вайны, прапала яшчэ шмат чаго. І толькі ў 1994-ым у ЗША была выдадзена літаратурная спадчына паэта.

Беларускае Радыё Рацыя