110 гадоў з дня нараджэння Вітаўта Тумаша
Беларускі грамадскі дзеяч, медык, скарыназнаўца Вітаўт Тумаш нарадзіўся 20 снежня 1910 года ў вёсцы Сьпягліца (цяперашні Вілейскі раён). У час Першай сусветнай вайны сям’я была ў бежанстве на землях сучаснай Літвы. Там малы Вітаўт і пайшоў у школу, што дазволіла яму вывучыць і добра ведаць літоўскую мову.
У пачатку 1920-ых гадоў Вітаўт Тумаш вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, пасля яе сканчэння паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэту. Ужо ў той час рэдагаваў розныя беларускія выданні. Праз яго рукі прайшлі ўсе заходнебеларускія паэтычныя зборнікі Максіма Танка. “Танк мае здольнасці, а я – веды”, – казаў пра гэта Тумаш. Ён жа адрэдагаваў і першую, пражскую, кнігу “Ад родных ніў” (1942 год выдання) Ларысы Геніюш, якая, віншуючы Тумаша з 60-мі ўгодкамі, напісала: “Першыя вершы – мае жураўлі, дзякуюць Вам за апеку. Дзякуй за тое, што другам былі, што заўсёды былі чалавекам”.
Напярэдадні 1939 года пасля заканчэння ўніверсітэту, разам з доктарам Міколам Шчорсам, Тумаш быў на Валыні на практыцы. З пачаткам Другой сусветнай вайны, ня хочучы патрапіць да Саветаў, на ровары з’ехаў на Захад. Затрымаўся ў Заходняй Беласточчыне, пасля некаторы час жыў ў Лодзі. У 1940-41 гадах Вітаўт Тумаш стаяў на чале лодзьскага аддзелу Беларускага камітэту самапомачы. Перыядычна выязджаў у Берлін. Актыўна супрацаваў з многімі беларускімі арганізацыямі, друкаваўся. Рэдагаваў беларускую газету “Раніца” – асяродак беларускіх патрыётаў у Нямеччыне. Пасля пачатку вайны паміж Нямеччынай і Савецкім саюзам вярнуўся ў Беларусь. Пад пагрозаю змушаны з ліпеня да лістапада 1941 года працаваць бурмістрам Мінску (у чэрвені 1941 года арыштаваны ў Берліне і прывезены ў Мінск з катэгарычным загадам стварыць адміністрацыю горада). Вызначыўся на пасадзе бурмістра тым, што, апрача разбудовы нацыянальнага жыцця, як доктар па атрыманай прафесіі, рашучымі дзеяннямі спыніў пашырэнне эпідэміі па Мінску.
У 1943 годзе Вітаўт Тумаш выехаў у Германію, быў рэдактарам берлінскай газеты “Раніца”. Пасля вайны працаваў недалёка ад Беларускага лагеру для перамешчаных Ватэнштэт. Удзельнічаў у бальшыні культурна-палітычных мерапрыемстваў лагеру і арганізацыі беларускае эміграцыі.
Пазней выехаў у ЗША. Там заснаваў Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва (БІНіМ) і стаў ягоным старшынём. Адзін з выдатных даследнікаў і заснавальнікаў навуковага скарыназнаўства. На базе БІНіМу выдаваў часопісы “Запісы БІНіМу” і “Конадні”. Ягоныя глыбокія, а часам сенсацыйныя публікацыі па жыцці і дзейнасці Скарыны (яны часта друкаваліся пад псеўданімам Сымон Брага) у БССР замоўчваліся і хаваліся. Найбольш ведамыя працы Тумаша – “Скарына ў Падове”, “Кнігі Скарыны на захадзе Эўропы ў пару ягоную і сяньня”, вянцом жа саракагадовай працы даследніка стаў выданы ў ЗША грунтоўны даведнік “Пяць стагоддзяў Скарыніяны. ХVI-ХХ”, дзе паданыя больш за 2500 пазіцый-артыкулаў. Прэзентацыя гэтай кнігі адбылася ў Нью-Ёрку, калі аўтар з савецкім кляймом “калабаранта” змог ужо атрымаць віншаванні і з Беларусі.
Памёр Вітаўт Тумаш раптоўна 30 красавіка (ва ўспамінах Раісы Жук-Грышкевіч падаецца іншая дата – 27 красавіка) 1998 года ад крывазліцця ў мозг. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку ў амерыканскім Нью-Джэрсі.
Беларускае Радыё Рацыя