110 гадоў з дня нараджэння Зоі Коўш
Беларуская грамадская дзяячка Зоя Коўш нарадзілася 16 красавіка 1911 года ў Любліне (Польшча). Большая і асноўная частка яе жыцця звязаная з Вільняй.
Зоя Коўш нарадзілася ў сям’і праваслаўнага святара, беларускага грамадска-палітычнага і царкоўнага дзеяча Аляксандра Каўша. Ён паходзіў з-пад Гародні, скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў на Століншчыне. Пасля сканчэння бухгалтарскіх курсаў працаваў у Люблінскім аддзеле Расійскага дзяржаўнага банку. Разам з сям’ёй на пачатку Першай сусветнай вайны эвакуяваны ў расейскую Разань, а потым у адыгейскі Майкоп . У 1921 годзе сям’я вярнулася ў Заходнюю Беларусь, у 1921 годзе Аляксандр Коўш у Гародні стаў святаром, а ў 1925 годзе сям’я пераехала ў Вільню. Брат Зоі Святаслаў пазней таксама стаў святаром, а эміграваўшы, стаў вядомым царкоўна-праваслаўным дзеячам. Бацька ж быў расстраляны ў 1943 годзе гестапаўцамі.
Зоя Коўш ў 1929 годзе скончыла Віленскую беларускую гімназію, потым юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Была актывісткай Беларускага студэнцкага саюзу. У час нямецкай акупацыі працавала юрысконсультам Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні. Летам 1944 года выехала ў Германію. У Нямеччыне жыла ў Берліне. У 1947 годзе Зою Коўш арыштавалі савецкія органы контрвыведкі і вывезлі ў Беларусь. Каўшанку трымалі пад следствам у Мінску. У выніку яе засудзілі да дзесяці гадоў зняволення ў сталінскім канцлагеры.
У сваіх мемуарных нататках Зоя Коўш апісвае выпрабаванні і жахі этапнай перасылкі. Яна заўважае, што была ўдзячная лёсу нават за тое, што яе этапавалі ўзімку і яна мела на сабе цёплыя боты, якія памаглі не адмарозіць ногі. На перасылку яе прывезлі ва Ухту (горад у Рэспубліцы Комі). На перасылку прыязджалі кіраўнікі лагерных пунктаў і выбіралі сабе зняволеных нібы рабоў. Коўш па стане здароўя трапіла ў трэцюю катэгорыю для лягчэйшай працы. Абяцаная лягчэйшая праца ў саўгасе насамрэч абярнулася для яе і іншых жанчын брыгады лесапавалам. На знясільвальную працу даводзілася дабірацца пяць кіламетраў пешшу па замерзлай рэчцы. Зоя Коўш апісвае жахлівыя лагерныя ўмовы працы і побыту, пры тым добрым словам згадвае лекара Сямёна Крыстальнага, які сам быў раней палітвязнем, і дапамог ёй выжыць. Ён, колькі было магчыма, трымаў яе ў шпіталі. Потым Зоя Коўш трапіла ў меншы лагер пры цагельні, там была праца ў кар’еры. Далей было этапаванне ў Варкуту, дзе быў больш строгі рэжым зняволення. Давялося працаваць на пракладцы чыгуначных шпалаў і рэйкаў праз тундру. І толькі калі ў 1953 годзе сканаў Сталін, крыху павеяла свабодай, ды вызваленне не было такім хуткім, як хацелася.
З савецкіх канцлагераў Зоя Коўш вярнулася ў другой палове 1950-ых гадоў пасля амністыі для палітвязняў, абвешчанай 17 верасня 1955 года. Сваякоў ужо нікога не было, пасля вяртання яна жыла ў Вільні на вуліцы Летняй. Вырошчвала і прадавала кветкі. У яе дома часта збіраліся былыя палітычныя зняволеныя-гулагаўцы. У пачатку 1960-ых гадоў Зоя Коўш выйшла замуж за былога палітвязня Кратовіча.
Памерла Зоя Коўш у Вільні 17 кастрычніка 1994 года, ёй было 83 гады. Пахавана на віленскіх Ліпаўскіх (Спаса-Ефрасінеўскіх) могілках. У кастрычніку 1995 года адбылося адкрыццё помніка з паніхідай. У 2008 годзе былы прыватны дом Зоі Коўш быў зруйнаваны.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Людвікі Кардзіс