115 гадоў з дня нараджэння паэта Тодара Кляшторнага
Беларуская літаратура сёння адзначае 115-годдзе з дня нараджэння паэта Тодара Кляшторнага. Ён быў адным з самых адметных паэтаў Беларусі 20-х гадоў. Лёсам яму наканавана пражыць толькі 34 гады. У 1936-ым паэт трапіў і крывавыя жорны сталінскага тэрору.
Як сведчыць даследчык беларускай літаратуры Міхась Скобла, уся віна расстраляных у Курапатах пісьменнікаў была ў тым, што яны з’яўляліся беларускімі пісьменнікамі.
Міхась Скобла:
— Па ўспамінах Максіма Лужаніна перад вайной у Саюзе беларускіх пісьменнікаў было, калі я не памыляюся 112 сяброў. Пасля вайны, калі ўсе з’ехаліся ў Менск, прыехала крыху больш за сорак. Больш за 60 чалавек загінула. Аказалася, што на вайне загінулі лічаныя, астатнія былі загубленыя ў трыццатыя гады: расстраляныя, знішчаныя.
29 кастрычніка 1937 года Тодар Кляшторны быў асуджаны пазасудовым органам НКУС як «член антысавецкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 чэрвеня 1957 года.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя