115 гадоў з дня нараджэння Стэфаніі Станюты
Беларуская акторка Стэфанія Станюта нарадзілася 13 траўня 1905 года ў Мінску ў сям’і вядомага мастака Міхаіла Станюты. Адзін з самых лепшых партрэтаў мастака Міхаіла Станюты – гэта партрэт яго дачкі, які захоўваецца ў Мастацкім музеі. Стэфанія вучылася ў царкоўнапрыходскай школе, пасля ў Мінскай жаночай урадавай гімназіі. Цікава, што ў дзяцінстве яна трапіла на афіцыйную сустрэчу расейскага цара Мікалая ІІ з “беларускім народам”.
Будучай актрысе было 14 гадоў, калі яна прыйшла ў Таварыства беларускай драмы і камедыі, якім кіраваў Фларыян Ждановіч. А потым, дадаўшы сабе некалькі гадоў, разам з сяброўкай яна з’ехала вучыцца тэатральнаму майстэрству ў Маскву. У гады вучобы ў Маскве Стэфанія закахалася і выйшла замуж за актора з гэтай жа студыі Васіля Рагавенку. Дырэкцыя выдзеліла маладым па 10 рублёў. Але муж нешта сказаў тое, што казаць было нельга. І апынуўся на 13 гадоў у сталінскім канцлагеры.
У 1926 годзе Станюта скончыла беларускую драматычную студыю пры МХАТ, на базе якой у Віцебску быў створаны тэатр (цяперашні тэатр імя Якуба Коласа), дзе акторка працавала да 1932 года. Далей і ажно да канца жыцця Станюта працавала ў Беларускім драматычным тэатры імя Янкі Купалы ў Мінску. У 1934 годзе выйшла замуж за Аляксандра Кручынскага, які навучаў артыстаў яздзе на конях. У 1936 годзе нарадзіўся сын Аляксандр, які стаў вучоным, доктарам навук, літаратуразнаўцам. Шлюб з Кручынскім таксама быў не вельмі доўгім. Калі пачалася вайна, тэатр Янкі Купалы быў на гастролях у Адэсе. З Адэсы артыстаў эвакуявалі ў сібірскі горад Томск. А сын Саша застаўся з бацькам у Мінску. Яны не паспелі з’ехаць. Муж працаваў на біржы працы, дапамагаў партызанам. Але пасля вайны саветы яго засудзілі і адправілі ў лагер у Варкуту. Там ён загінуў.
У тэатральным спісе Стэфаніі Станюты больш 200 роляў. Яе называлі жывой легендай, талісманам Купалаўскага тэатра. Упершыню ў кіно Станюта з’явілася яшчэ ў 1958 годзе. Яна сыграла каля 60 роляў у кіно і тэлесерыялах. Сярод іх кінастужка “Людзі на балоце” рэжысёра Віктара Турава, любімы многімі фільм “Белыя Росы” Ігара Дабралюбава, фільмы “Я, Францыск Скарына…”, “Час выбраў нас”, “Развітанне” ды іншыя. Здымалася ў такіх рэжысёраў як Элем Клімаў, Ларыса Шапіцька, Леанід Нячаеў. Стварыла ў кіно незабыўныя вобразы беларускіх жанчын – спагадлівых, чуллівых, ласкавых. Здзіўляла навакольных нават у сталым веку сваймі спартовымі магчымасцямі і аптымізмам.
Стэфанія Станюта была неверагодна сціплым і сарамлівым чалавекам. Сучаснікі ўспамінаюць, што ў актрысы былі дзіўныя вочы. У залежнасці ад таго, каго яна грала, яны рабіліся то калючымі, злымі, то поўнымі нястрымнага гневу, то сусветнага прабачэння. А ў жыцці ў гэтых вачах заўсёды чыталася дабрыня. Актрыса мела і прынцыповую патрыятычную грамадзянскую пазіцыю – прыкладам у канцы 1986 года была сярод 28 прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі, якія падпісалі зварот на імя генеральнага сакратара ЦК КПСС Савецкага саюзу. У ім выказваўся пратэст супраць дыскрымінацыі беларускай мовы і прапаноўваліся захады дзеля паляпшэння яе стану.
Памерла Станюта 6 лістапада 2000 года ў веку 95 гадоў, пахавана ў Мінску на Усходніх могілках. У яе гонар у Мінску на доме па праспекце Незалежнасці ў 2003 годзе ўсталявана мемарыяльная шыльда. А “Белпошта” да 100-ых угодкаў Станюты выпусціла адмысловую марку.
Беларускае Радыё Рацыя