115 гадоў з дня нараджэння Язэпа Малецкага



Грамадскі дзеяч, публіцыст, медык, педагог, дзеяч беларускай эміграцыі Язэп Малецкі нарадзіўся 12 студзеня 1906 года ў вёсцы Якужы (цяпер у Мёрскім раёне Віцебскай вобласці). У пачатковую школу хадзіў у 1914-17 гадах, школа месцілася ў доме, які збудаваў родны дзядзька Малецкага. Скончыў гімназію імя Стэфана Баторыя ў Друі, пасля медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэту. Стварыў гурток Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры ў вёсцы Казаронцы. Пераследаваўся паліцыяй за распаўсюд беларускіх кніжак і газет. Працаваў лекарам з 1935 году, спецыялізаваўся на акушэрстве і гінекалогіі ў Варшаве.

 

Са студэнцкіх гадоў Язэп Малецкі браў ўдзел у беларускім культурным і нацыянальным руху. Яшчэ ў 1927 годзе на 25 Сакавіка разам з сябрамі выдаў адозву да народу накладам 120 асобнікаў, надрукаваную на гімназіяльным рататары. Быў рэдактарам і выдаўцом беларускіх газет, календароў, сябрам Віленскага беларускага нацыянальнага камітэту. У час другой сусветнай вайны ў 1939 годзе быў прыцягнуты як лекар у польскае войска, потым вярнуўся ў Вільню. У 1941 годзе займаў пасаду намесніка Беларускага нацыянальнага камітэту. Ратуючыся ад пераследу летувісаў, з’ехаў ў Гародню. З восені 1942 года быў ў Баранавічах. Працаваў лекарам у баранавіцкіх шпіталях разам з іншымі беларускімі дактарамі-патрыётамі Анатолем Бярозкам (Мітрафанам Рэпкавым-Смаршчком), Усеваладам Каралём, Навумікам. Кіраваў медыцынскай школай у Баранавічах. Пасля ў 1944 годзе стаў намеснікам прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады на Вялейскую акругу. У 1944 годзе, ратуючыся ад савецкага пераследу, эміграваў. З’ехаў спярша ў Нямеччыну, а потым у Аўстралію. 

У Нямеччыне Язэп Малецкі стаў ініцыятарам і галоўным арганізатарам “Аб’яднання беларускіх лекараў на чужыне”, рэдагаваў часопіс “Медычная думка”. Атрымаў ступень доктара медыцыны ў 1955 годзе ў аўстралійскім Сіднэі. У Аўстраліі быў сябрам першай управы Беларускага аб’яднаньня ў штаце Новы Паўднёвы Ўэльс, узначальваў яе ў 1960-61 гадах. Дапамагаў у выданні месячніка “Новае жыцьцё ў Сыднэі”. Іншы беларускі эмігрант Мікола Антух у сваіх успамінах згадвае, як яны стварылі ў Сіднэі беларускі клуб, у якім Малецкі быў намеснікам Антуха. Пазней Малецкі ўзначальваў федэральную раду беларускіх арганізацыяў Аўстраліі, быў яе старшынём у 1979-80 гадах. З’яўляўся прадстаўніком Рады БНР у Сіднэі. Дапамагаў грашова як арганізацыям Аўстраліі, так і музею і бібліятэцы ў Лондане, Беларускаму Інстытуту Навукі і Мастацтва. Фактычна быў карэспандэнтам беларускіх эміграцыйных перыёдыкаў, пісаў пад псеўданімам Я. Лаўрыновіч. Друкаваў успаміны, медыцынскія публіцыстычныя артыкулы.

У 1976 годзе выдаў кнігу ўспамінаў “Пад знакам Пагоні”. У прадмове да гэтага каштоўнага выдання аўтар напісаў наступнае: “Мэта кніжкі – перадаць для гісторыі праўдзіва падзеі на нашай бацькаўшчыне ў Другую Сусьветную вайну, паказаць вялікі ўздым народу ў змаганьні за свае правы ды ягоную працу над адбудовай вольнага жыцьця. Яна разам і прызнаньне тысячам суродзічаў, якія ў цяжкую пару змаганьня з ворагамі не шкадавалі сваіх сілаў, здароўя, маёмасьці, свайго жыцьця”.

Памёр Язэп Малецкі 6 чэрвеня 1982 году ў Сіднэі, пахаваны на могілках Роквуд.

Беларускае Радыё Рацыя