115 гадоў з дня нараджэння Юльяна Саковіча



Беларускі грамадска-палітычны дзеяч Юльян Саковіч нарадзіўся 24 жніўня 1906 года ў фальварку Баўдыры Ашмянскага павету. 

Паходзіў з заможнай сялянскай сям’і. Скончыў Віленскую беларускую гімназію, потым вучыўся на агранамічным факультэце Віленскага ўніверсітэту. Быў звязаны з камуністычным рухам Заходняй Беларусі. За падпольную дзейнасць тагачаснымі польскімі ўладамі выключаны з універсітэту. Упершыню быў арыштаваны, калі меў 19 гадоў. Пазней далучыўся да КПЗБ.

У 1929 годзе Саковіч выдаваў у Вільні разам з Г. Вялецкім часопіс “Вольная думка” – орган беларускага студэнцтва. Арыштаваны ў 1933 годзе і на працэсе над кіраўніцтвам Таварыства Беларускай Школы прыгавораны да 3 гадоў турмы. Напярэдадні другой сусветнай вайны арыштаваны і зняволены ў канцлагеры Бярозы-Картузскай.

Людзі такога гарту і перакананняў пакутавалі за Беларусь пры любой уладзе. Увосень 1939 года пасля уз’яднання Беларусі савецкія “вызваліцелі”, ледзве паспеўшы выпусціць Саковіча на волю, арыштавалі яго на Віленшчыне і пасадзілі ўжо ў сваю турму. У жніўні 1941 года на Смаргоншчыне Юльяна, які дзіўным чынам выратаваўся з засценкаў НКВД, схапіла польская паліцыя, што была на службе ў немцаў.

Саковіч перажыў эвалюцыю светагляду, досыць істотна змяніў свае левыя погляды, далучыўся да падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. Кіраваў Менскім акруговым камітэтам БНП. Быў начальнікам менскай паліцыі, працаваў у Беларускай Народнай Самапомачы. З чэрвеня 1943 года – акруговы старшыня БНС у Лідзе. Неаднаразова пратэставаў перад нямецкімі акупацыйнымі ўладамі супраць знішчэння мірнага жыхарства і палення вёсак, імкнуўся ратаваць насельніцтва.

Неўзабаве Юльян Саковіч разам з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім і Ўсеваладам Родзькам стаў арганізатарам антынацысцкага нацыянальнага падполля. На вясну 1943 года Беларуская незалежніцкая партыя планавала паўстанне, збройнымі сіламі якога даручана было камандаваць Саковічу, кіраўніку легальнай Беларускай Народнай Самапомачы ў Менскай акрузе і аднаму з кіраўнікоў нелегальнай БНП. А пакуль тое, ён адказваў за зброю, якую здабывалі рознымі шляхамі. На другі год вайны ён увайшоў у штаб фармавання вайсковых аддзелаў Беларускай самааховы, але ў красавіку 1943 года немцы яе ўжо распусцілі. Яшчэ на Каляды 1942 года СД арыштавала і ў той самы дзень расстраляла ксяндза Гадлеўскага. Паўстанне фатальна зрывалася. Самога Саковіча за публічныя пратэсты супроць рэпрэсіяў над мірным насельніцтвам акупанты выслалі на Лідчыну,

Даследнік гісторыі Сяргей Ёрш піша пра мех залатых манетаў, якія Саковіч атрымаў ад Родзькі і дзеля захавання перадаў двум знаёмым святарам. Гэтыя падзеі – атрыманне “залатога запасу” БНП, таямнічая смерць аднаго з святароў, якому была перададзеная частка золата, забойства самога Саковіча, заможнае жыццё сям’і іншага святара – выцягваюцца ў ланцужок загадак.

Забіты Юльян Саковіч бандытамі невядома якой прыналежнасці (вельмі верагодна мясцовымі акаўцамі) у Васілішках. Так не стала чалавека, які ў свой трагічны час імкнуўся аб’яднаць увесь беларускі нацыянальны актыў і скіраваць агульныя высілкі на змаганне за дзяржаўную незалежнасць Беларусі.

Пахаваны на праваслаўных могілках Ліды, на магіле сучасны помнік. У гонар Юльяна Саковіча быў выдадзены кішэнны каляндарык. Больш памяць не ўшанаваная ніяк.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя