„12 артэфактаў” з Берасцейскага краязнаўчага музея
Берасцейскі абласны краязнаўчы музей пачынае праект пад назвай „12 артэфактаў”. Прымеркаваны ён да ўрачыстасцяў з нагоды святкавання 1000-годдзя Берасця.
Падрабязней пра яго кажа загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзелу музея Ніна Кірылава:
– Адкрываем бадай адзін з самых значных праектаў з музейных калекцый. Будзе паказана 12 прадметаў на працягу 7 дзён, кожны месяц на працягу года. Гэта будуць рарытэты, унікальныя прадметы, прадметы, пра якія можна сказаць: першы, адзіны, унікальны. Яны розныя па свайму паходжанню, прызначэнню, часу ўзнікнення, легендзе. Але іх аб’ядноўвае тое, што гэтыя ўсе прадметы звязаныя з гісторыяй і культурай горада Берасце.
Першым з выстаўленых на агляд артэфактаў стаў арыгінальны самшытавы грэбень 13-га стагоддзя з кірылічным алфавітам. На ім выдрапаныя першыя 13 літар алфавіту. Дагэтул у пастаяннай экспазіцыі археалагічнага музею „Бярэсце” выстаўлялася толькі ягоная копія.
„Прадмет унікальны тым, што падобныя знаходкі з кірылічным алфавітам апроч Берасця, былі знойдзены толькі ў Ноўгарадзе і Любечы”, – падсумавала Ніна Кірылава.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце